Нацыянальная платформа выказала сваю пазіцыю адносна магчымага аднаўлення супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам
Сёння, 10 верасня, Каардынацыйны Камітэт Беларускай Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства прыняў заяву адносна магчымага аднаўлення супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам.
Lawtrend выступіў ініцыятарам прыняцця заявы і мы рады таму, што наша пазіцыя па правах чалавека знайшла поўную падтрымку Каардынацыйнага Камітэта Нацыянальнай Платформы.
Пазіцыя Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці «Аб магчымым аднаўленні супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза»
Аб актуальнай сітуацыі
Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства вітае агульны прагрэс у адносінах паміж Беларуссю і ЕС, які адбыўся за апошнія месяцы. Мы адзначаем важнасць перамоў ЕС і Рэспублікі Беларусь у прамежкавай фазе супрацоўніцтва ў пытаннях мадэрнізацыі (Interim Phase on modernisation), зьяўляецца прасоўваннем бакоў у пытаннях падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, а таксама пройдзены першы раўнд дыялогу Беларусі і ЕС па пытаннях правоў чалавека (EU-Belarus Human Rights Dialogue).
Мы канстатуем, што вызваленне палітычных зняволеных 22 жніўня 2015 года з’яўляецца значным крокам беларускіх уладаў у кірунку далейшага паляпшэння адносін з ЕС і міжнароднай супольнасцю. Пазітыўна ацэньваючы гэты крок беларускіх уладаў, мы спадзяемся на іх далейшыя крокі ў напрамку паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, уключаючы асабліва важныя для развіцця грамадзянскай супольнасці пытанні свабоды асацыяцыяў, свабоды сходаў, свабоды слова.
Мы адзначаем, што з вызваленнем палітычных зняволеных знішчаецца асноўная перашкода для аднаўлення больш глыбокага супрацоўніцтва Беларусі і ЕС. Гэта супрацоўніцтва можа быць выяўлена ў рэалізацыі канкрэтных праектаў і праграм, узгодненых у межах прамежкавай фазы (Interim Phase on modernisation), уключаючы фінансавую і тэхнічную падтрымку з боку ЕС рэформаў у шырокім спектры абласцей.
У той жа час, мы са шкадаваннем адзначаем, што агульная палітычная сітуацыя і сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменнай. Шэраг грамадскіх актывістаў знаходзяцца пад пагрозай крымінальнага пераследу, у прыватнасці фігуранты справы аб нанясенні графіці М. Пякарскі, В. Жеромскі, В. Касінераў, а таксама былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года А. Міхалевіч, які вярнуўся ў краіну. Усе вызваленыя палітычныя зняволеныя знаходзяцца пад прафілактычным наглядам і маюць іншыя абмежаванні ў сваіх правах. Працягваецца практыка пераследу праваабаронцаў, праваабаронца Алена Танкачова высланая з Беларусі з забаронай уезду ў краіну цягам трох гадоў. Абмежаваная свабода дзейнасці незалежных СМІ, існуюць факты пераследу незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў, уключаючы практыку адміністрацыйных штрафаў, адвольных затрыманняў з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы і спецсродкаў. У часе кампаніі па выбарах прэзідэнта сустракаюцца факты адміністрацыйнага ціску на выбаршчыкаў па месцы працы, затрыманні сябраў ініцыятыўных груп незалежных кандыдатаў, неабгрунтаваных адмоваў пры ўключэнні прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў у склад участковых выбарчых камісій. Прававыя, фінансавыя і палітычныя ўмовы для дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці таксама застаюцца неспрыяльнымі.
Аб міжнароднай ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека
Улічваючы гэтыя факты, мы звяртаем увагу прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза і краін-сябраў ЕС на тое, што аднаўленне супрацоўніцтва не можа будавацца без уліку агульнага прагрэсу палітычнай сітуацыі і сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Мы таксама мяркуем, што агульныя ацэнкі прагрэсу ў галіне правоў чалавека не могуць выносіцца толькі з прычыны палітычнага збліжэння бакоў і палітычнага пацяплення адносін паміж імі. Прагрэс у галіне правоў чалавека ў Беларусі можа быць канстатаваны толькі незалежнымі міжнароднымі структурамі і іх адмысловымі прадстаўнікамі. У актуальнай сітуацыі, у адсутнасці асобнага публічнага дакумента па сітуацыі з правамі чалавека ад імя спецдакладчыка Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Андрэа Рыгоні, адзінымі незалежнымі міжнароднымі ацэнкамі сітуацыі з правамі чалавека з’яўляюцца даклады спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаша Харашці. Мы заклікаем, прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза і краін-сябраў ЕС у сваіх ацэнках сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі арыентавацца на меркаванне спецыяльнага дакладчыка ААН. Мы таксама прапануем сфармаваць з прадстаўнікоў міжнародных структур (АБСЕ, Савет Еўропы, ААН) спецыяльную групу для перыядычнай публічнай дакументаванай ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Асноўныя параметры гэтай ацэнкі маглі абапірацца на палажэнні European Commission Non-Paper, «What the European Union could bring to Belarus», 5 December 2006, якія вызначаюць 12 умоваў, выкананне якіх дазваляе канстатаваць паляпшэнне сітуацыі ў накірунку павагі дэмакратычных каштоўнасцяў і базавых правоў чалавека.
Аб прынцыпах супрацоўніцтва
Мы таксама перакананыя, што будучыня супрацоўніцтва Беларусі і ЕС павінна будавацца як транспарантны і інклюзіўны працэс, уключаючы паўнавартасны доступ грамадскасці да інфармацыі аб праектах і праграмах падтрымкі ЕС для беларускай дзяржавы і інфармацыі аб любых іншых фарматах супрацоўніцтва. Мы шчыра спадзяемся, што збліжэнне бакоў будзе весці да паўнавартаснага ўключэння прадстаўнікоў незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці і, у прыватнасці, Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, у працэс дыялогу ЕС з беларускімі ўладамі адносна развіцця еўрапейска-беларускага ўзаемадзеяння.