Cайд-івэнт “Грамадзянская супольнасьць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”. Аб чым гаварылi ўдзельнiкi
Папярэднія рэкамэндацыі АБСЭ застаюцца актуальнымі. Пра гэта заявілі ўдзельнікі сайд-івэнту “Грамадзянская супольнасьць і правы чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”, што адбыўся 28 верасьня ў межах штогадовай нарады АБСЭ па чалавечым вымярэньні ў Варшаве. Выступоўцы заявілі, што лібэралізацыі выбарчага працэсу ў часе бягучай кампаніі ў Беларусі не назіраецца. Гэта датычыць не толькі ўласна выбарчага заканадаўства і практыкі яго выкарыстаньня, але і абмежаваньняў свабоды СМІ, свабоды асацыяцыяў і доступа да інфармацыі.
28 верасьня беларускую грамадзянскую супольнасьць на мерапрыемстве прадставілі Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, Цэнтр прававой трансфармацыі і нацыянальныя кампаніі назіраньня за выбарамі “Права выбару” і “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Мерапрыемства, што адбылося за два тыдні да дня галасаваньня, выклікала вялікі інтарэс удзельнікаў нарады АБСЭ: сайд-івэнт наведалі больш за 40 чалавек, улючна з прадстаўнікамі шэрагу нацыянальных дэлегацыяў дзяржаваў-удзельніц АБСЭ.
Прадстаўнікі трэцяга сэктару прадставілі агляд сытуацыі з правамі чалавека і прававымі ўмовамі для арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі напярэдадні выбараў-2015.
Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка адзначыла, што ў перадвыбарчы пэрыяд стан беларускай грамадзянскай супольнасьці зьмяніўся мала і сытуацыя з рэалізацыяй свабоды асацыяцыяў застаецца стабільна кепскай. Экспэртка заўважыла, што працягваецца практыка ціску на канкрэтных актывістаў і лідэраў грамадзянскай супольнасьці, а таксама распавяла пра зьмены ў заканадаўстве аб замежнай бязвыплатнай дапамозе. Выступоўца асабліва падкрэсліла выпадак з высылкай з Беларусі вядомай праваабаронцы, старшыні праўленьня Цэнтра прававой трансфармацыі Алены Танкачовай.
Прадстаўнік Асамблеі НДА Юрый Чавусаў і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч засяродзіліся на аналізе зьменаў выбарчага заканадаўства. Экспэрты падкрэсьлілі, што рэкамэндыцыі, дадзеныя місіямі назіраньня БДІПЧ АБСЭ па выніках назіраньня за ранейшымі выбарчымі кампаніямі, не былі ўзятыя беларускімі ўладамі пад увагу і застаюцца актуальнымі.
Валянцін Стэфановіч паведаміў, што зьмены ў выбарчым заканадаўстве, такія як адмова ад дзяржаўнага фінансаваньня агітацыйнай кампаніі і ўтварэньне ўласных выбарчых фондаў кандыдатаў не паспрыялі актыўнасьці кандыдатаў, а хутчэй абумовілі нябачнасьць выбарчай кампаніі.
Фон, на якім адбываецца прэзыдэнцкая кампанія, Валянцін Стэфановіч назваў імітацыяй лібэралізацыі. Праваабаронца падкрэсьліў, што сытуацыя з палітвязьнямі застаецца замарожанай, выпушчаныя з турмаў людзі не рэабілітаваныя, і няма ўпэўненасьці, што пасьля 11 кастрычніка не зьявяцца новыя палітзьняволеныя. Праваабаронца зьвярнуў увагу, што крымінальная справа супраць экс-кандыдата на выбарах-2010 Алеся Міхалевіча застаецца не спыненая, а таксама працягваецца справа гэтак званых «графіцістаў».
Прадстаўнікі кампаніі ўнутранага назіраньня “Права выбару-2015”, што ажыццяўляецца палітычнымі партыямі Беларусі, Дзяніс Садоўскі і Ігар Барысаў адзначылі пагаршэньне сытуацыі правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у параўнаньні з выбарчай кампаніяй 2010 году.
Яны таксама адзначылі і рэкордна нізкую колькасьць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ва ўчастковых і тэрытарыяльных выбарчых камісіях: упершыню ў гісторыі правядзеньня выбараў прэзідэнта ў сталіцы краіны Менску няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі. Выступоўцы звярнулі ўвагу на шырокае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць кандыдатуры дзеючага прэзідэнта як на этапе збору подпісаў, так і ў часе агітацыі. У тым ліку гэта датычыць незаконнага выкарыстаньня дзяржаўнага фінансаваньня гэтым кандыдатам. Каардынатар кампаніі назіраньня Дзяніс Садоўскі падкрэсьліў падвойнасьць стандартаў у дачыненьні да дэмакратычных кандыдатаў і канддыдатаў ад улады.
Прэс-сакратар кампаніі “Права выбару-2015” Ігар Барысаў сказаў, што ўлады настолькі занепакоеныя яўкай выбаршчыкаў, што ўжо вядома, што на асобных участках у Віцебскай вобласьці чвэрць выбаршчкаў ужо унесеныя ў спісы для галасавання па месцы знаходжаньня грамадзянаў.
Экспэрты падкрэсьлілі, што ацэньваць сёлетнюю прэзыдэнцкую выбарчую кампанію трэба не адразу пасьля агалошваньня вынікаў выбараў, а цягам наступных некалькіх месяцаў: гэта дазволіць зрабіць выснову адносна таго, наколькі ўстойлівымі ёсьць актуальныя адмовы ад кепскіх жорскіх практыкаў рэпрэсій. Удзельнікі сайд-івэнту заявілі, што нагодай для зьмяненьня палітыкі Эўразьвязу і заходніх інстытутаў у дачыненьні да афіцыйнага Менску (у тым ліку скасаваньне санкцыяў) павінныя быць сыстэмныя і незваротныя зьмены заканадаўства і практыкі, а не часовая адмова ад найбольш брутальных і незаконныя формаў рэпрэсіяў.
Нарада АБСЭ па пытаньнях чалавечага вымярэньня — рэгулярны прадстаўнічы форум 57- мі дзяржаваў-сябраў АБСЭ і эўрапейскай грамадзянскай супольнасьці. Падчас канфэрэнцыі 21 верасьня – 2 кастрычніка будзе прааналізаваны стан выкананьня абавязальніцтваў, якія дзяржавы ўзялі на сябе ў межах пагадненьняў АБСЭ, таксама будзе адбывацца абмен прыкладамі станоўчых практык і выпрацоўвацца рэкамэндацыі для далейшых паляпшэньняў.