13.02.2014
dbc22139f2de87d8a4968d2f864c7b01

Выпущаны агляд свабоды асацыяцыяў у Беларусі за 2013 год

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтр прававой трансфармацыі падрыхтавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2013 год.

У дакуменце адзначана, што нягледзячы на прыняцьце ў 2013 годзе шэрагу актаў заканадаўства, якія закранаюць інтарэсы некамерцыйных арганізацыяў, прававое асяроддзе для іх у цэлым не зазнала істотных зьмен. Асноўныя праблемы і перашкоды для дзейнасьці некамерцыйных арганізацый захаваліся як на ўзроўні прававога рэгуляваньня, так і на ўзроўні праваўжывальнай практыкі, пры гэтым іх інтэнсіўнасць не зьмянілася.

У якасьці важнай падзеі ў сфэры правога рэгуляваньня некамерцыйных арганізацыяў агляд адзначае прыняцьцё ў 2013 годзе зьменаў і дапаўненьняў у закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, якія набудуць юрыдычную моц 20 лютага 2014 года. Некаторыя з новаўведзеных нормаў можна ацаніць станоўча: паменьшаныя патрабаваньні адносна тэрытарыяльнай прадстаўленасьці для заснавальнікаў новых грамадзкіх аб’яднаньняў, нязначна скарочны пералік дакументаў, што неабходныя для рэгістрацыі арганізацыяў, спрошчаная працэдура ліквідаці грамадзкіх аб’яднаньняў. Аднак прыняцьцё зьменаў у закон не вырашае асноўных прававых праблемаў грамадзянскай супольнасьці – магчымасьць для рэгіструючых органаў выыносіць адвольныя адмовы ў рэгістрацыі, абмежаваньні ў атрыманьні айчыннага і замежнага фінансаваньня, крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў.

Аўтары агляду падкрэсліваюць, што прыняцьцё гэтых заканадаўчых новаўвядзеньняў адбылося без сапраўднага абмеркаваньня з зацікаўленымі суб’ектамі: працэс камунікацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці па пытаннях рэфармавання заканадаўства, які закранае іх дзейнасць, па-ранейшаму адбываецца ў аднабаковым фармаце, прапановы зацікаўленых арганізацый разглядаюцца фармальна і не ўлічваюцца ў поўнай меры.

Для многіх арганізацыяў грамазянскай супольнасьці ў 2013 годзе моцным ударам сталі павышэньні ставак арэнднай платы за офісы на 60%, пры гэтым больш чым у два разы быў скарочаны пералік арганізацыяў, што карыстаюцца ільготнымі стаўкамі па аплаце арэнды.

У дадатках да агляду прадстаўлены аналіз практыкі рэгістрацыі некамерцыйных арганізацыяў (грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў, установаў) ў 2013 годзе, выраблены на аснове дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасьць новых некамерцыйных арганізацыяў у 2013 годзе значна ніжэй паказчыкаў 2011 і 2012 гадоў, калі цягам году рэгістрацыю атрымлівалі больш за сто грамадзкіх аб’яднаньняў і больш за 20 фондаў. Разам з тым у 2013 годзе захавалася ранейшая тэндэнцыя рэгістрацыі спартовых грамадзкіх аб’яднаньняў – менавіта яны складаюць больш за палову новых грамадзкіх аб’яднаньняў.

Выпуск гадавых аглядаў свабоды асацыяцыяў і прававога стану некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі ажыцьцяўляецца Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтрам прававой трансфармацыі штогадова ад 2007 года.