У Менску адбыўся круглы стол з нагоды 20-годзьдзя Закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”

18 верасьня ў Менску адбыўся круглы стол “Да ўсеабдымнай мапы прававых рэформаў у інтарэсах грамадзянскай супольнасьці”, арганізаваны Асамблеяй НДА Беларусі і Цэнтрам прававой трансфармацыі. Мерапрыемства было прымеркаванае да 20-годзьдзя Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, які быў прыняты 4 кастрычніка 1994 года. У межах круглага стала ўдзельнікі абмеркавалі разьвіцьцё прававога рэгуляваньня некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі цягам апошніх дваццаці гадоў і пэрспэктывы ўдасканаленьня заканадаўства ў гэтай сфэры.

Як адзначыў адзін з арганізатараў круглага стала, юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, прыняцьцё Закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” у 1994 годзе было пазытыўным крокам, але з таго часу закладзеныя ў законе нормы былі значна зьменены і цяпер цалкам дэвальваваныя. У выніку дзеючае заканадаўства стварае неспрыяльныя ўмовы для стварэньня і дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці. Асабліва негатыўны ўплыў аказваюць нормы пра рэгістрацыю грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў, забарона на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў, абмежавальны парадак атрыманьня як замежных, так і ўнутраных ахвяраваньняў. Пры гэтым заканадаўства нестабільнае – зьмены ў яго ўносяцца часта і, часам, раптоўна, без папаряэдняга абмеркаваньня.

Абмеркаваць існуючыя прабелы і праблемы прававога рэгуляваньня, а таксама падзяліцца прамежкавымі вынікамі дзейнасьці існуючых адвокасі-ініцыятываў сабраліся прадстаўнікі шырокага спэктару арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, якія тэматычна зьвязанымі з прававымі ўмовамі дзейнасьці НДА.

Прысутнічалі прадстаўнікі парасонавых структураў (РАДА моладзевых арганізацыяў, Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асьветы, Асамблея НДА), экспэрты і дасьледчыкі ў галіне грамадзянскай супольнасьці, арганізацыі, якія прасоўваюць зьмены ў заканадаўства і распрацоўваюць праекты, зьвязаныя са зьменамі заканадаўства. У дыскусіі ўзяла ўдзел брытанская экспэртка Ліндсі Дрыскал (Lindsay Driscoll), кансультантка вядучай юрыдычнай фірмы ў галіне некамэрцыйнага права Bates Wells & Braithwaite (Лёндан), сябра назіральнай рады Міжнароднага цэнтру некамэрцыйнага права (Вашынгтон).

У часе круглага стала ўдзельнікі распавялі аб дзейнасьці шэрагу кааліцыяў па прасоўваньні зьменаў у заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях. Валер Журакоўскі (Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “АКТ”) узгадаў пасьпяховы досьвед сваёй арганізацыі па ініцыяваньні заканадаўства пра дзяржаўную сацыяльную замову, а таксама паведаміў пра распрацоўку і абмеркаваньне праекту закона “Аб грамадзка карыснай дзейнасьці”, які пакліканы ўрэгуляваць пытаньні дабрачыннасьці і спонсарства.

Удзельнікі абмеркавалі досьвед ранейшых кампаніяў уплыву на заканадаўства, датычнае некамэрцыйных арганізацыяў: кампаніі супраць крымінальнай адказнасьці задзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў, супраць прыняцьця закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях”, спробы ўплыву на зьмест новай рэдакцыі закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. Быў прааналізаваны досьвед ініцыяваньня заканадаўства аб гендэрнай роўнасьці, супраць хатняга гвалту, пра абыходжаньне з жывёламі, а таксама сытуацыя з прасоўваньнем альтэрнатыўнай моладзёвай палітыкі.

Удзельнікі круглага стала абмеркавалі магчымасьці стварэньня адзінай карты рэформаў заканадаўства ў інтарэсах грамадзянскай супольнасьці, якая б уключала ў сябе прыярытэты і пасьлядоўныя пляны розных арганізацыяў, што працуюць у сфэры прававой рэформы. Такі дакумэнт мог бы быць важным тактычным сродкам каардынацыі дзеяньняў разнастайных лабісцкіх ініцыятываў дзеля паляпшэньня прававых умоваў існаваньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.