Экспэрты: Дэкрэтам № 5 улады хочуць прыцягнуць сродкі міжнародных фондаў

4 сакавіка набывае моц Дэкрэт № 5 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, якім зацьверджанае новае Палажэньне аб парадку атрыманьня, уліку, рэгістрацыі, выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі, кантролю за яе атрыманьнем і мэтавым выкарыстаньнем, а таксама рэгістрацыі гуманітарных праграмаў.

Экспэрты зазначаюць, што новы парадак кардынальна не адрозьніваецца ад ранейшай сыстэмы рэгістрацыі замежных грантаў, але стварае больш зручныя ўмовы для прыцягненьня сродкаў замежных фондаў для фінансаваньня дзяржаўных праграмаў.

Новы дэкрэт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 24, які дзейнічаў з 2003 году. Пры гэтым новы нарматыўны акт у цэлым захоўвае ранейшы парадак выкарыстаньня замежных ахвяраваньняў, што патрабуе абавязковай папярэдняй рэгістрацыі сродкаў, якія НДА атрымліваюць ад замежных крыніцаў.

Экспэрты Цэнтру прававой трансфармацыі падрыхтавалі аналіз ключавых палажэньняў новага дэкрэту “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”. Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка ацэньвае новы парадак рэгістрацыі і выкарыстаньня замежнай дапамогі наступным чынам:

— Беларускія ўмовы для артыманьня замежных грантаў даўно служылі прадметам для абгрунтаванай крытыкі з боку айчыннай грамадзянскай супольнасьці і міжнародных арганізацыяў. Абавязковая папярэдняя рэгістрацыя замежных ахвяраваньняў, вузкі пералік мэтаў атрыманьня дапамогі, крымінальная адказнасьць за парушэньні парадку іх атрыманьня, супярэчлівы парадак вызваленьня атрыманых сродкаў ад падаткаў — усё гэта зрабіла нашу краіну адной з самых неспрыяльных для дзейнасьці замежных фондаў. У такіх умовах некамэрцыйныя арганізацыі неаднаразова прапаноўвалі рэфармаваць сыстэму атрыманьня замежнай дапамогі.

Калі Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь заявіў аб ўдасканаленьні заканадаўства ў гэтай сфэры і запрасіў усіх зацікаўленых да абмеркаваньня, каля 30 некамэрцыйных арганізацыяў распрацавалі і падпісалі калектыўныя прапановы па рэгуляваньні дадзенага пытаньня. Таксама былі накіраваныя індывідуальныя прапановы беларускіх і міжнародных экспэртаў. Аднак, у новым дэкрэце найгоршыя нормы аб атрыманьні і выкарыстаньні замежнай бязвыплатнай дапамогі не былі ліквідаваныя нормы аб папярэдняй рэгістрацыі некамэрцыйнымі арганізацыямі атрыманай дапамогі незалежна ад яе памеру, пералік мэтаў атрыманьня дапамогі пашырыўся вельмі нязначна і пакінуў магчымасьць для суб’ектыўнага тлумачэньня чыноўнікамі мэтазгоднасьці яе рэгістрацыі.

Ня гледзячы на тое, што Дэкрэт № 5 набывае моц 4 сакавіка 2016 году, Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасьці на практыцы пачаў кіравацца нормамі гэтага Дэкрэту яшчэ напрыканцы 2015 году. Аналіз гэтай практыкі паказвае, што новае заканадаўства не ліквідавала прабелы і не дало адказы на шматлікія пытаньні, якія існуюць пры рэгістрацыі і далейшым выкарыстаньні замежнай дапамогі. Напрыклад, Дэкрэт устанаўлівае, што для вызваленьня дапамогі ад падаткаў неабходна атрыманьне заключэньня кампэтэнтнага дзяржаўнага органа ў залежнасьці ад памеру дапамогі і тэрыторыі рэалізацыі праекту. Такое заключэньне павінна выдавацца на працягу 5 працоўных дзён. Разам з тым практыка паказвае, што многія дзяржаўныя органы апынуліся не гатовымі да выдачы падобных заключэньняў у абазначаныя тэрміны, не гатовыя браць на сябе адказнасьць і хадайнічаць аб вызваленьні дапамогі ад падаткаў, не маюць досьведу супрацоўніцтва з канкрэтнымі арганізацыямі і ў сувязі з гэтым ня хочуць выдаваць заключэньні. У той жа час Дэпартамэнт не прымае дакумэнты аб рэгістрацыі дапамогі без адпаведнага заключэньня, дапамога не рэгіструецца, адпаведна, ня можа быць выкарыстана.

У цэлым аналіз новага заканадаўства і практыкі, якая склалася за гэтыя месяцы, сьведчаць аб тым, што ўдасканаленьне заканадаўства адбылося, але толькі для дзяржаўных структураў і прадзяржаўных арганізацыяў, якія цяпер актыўна ствараюцца, з мэтай паляпшэньня іх доступу да замежнага фінансаваньня. І ў сувязі з гэтым нельга забываць, што ў кастрычніку 2015 году сур’ёзныя зьмены зьведала заканадаўства аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе. Такім чынам, зьмяняючы заканадаўства аб дапамозе з-за мяжы, дзяржава стварае рэжым спрыяньня для атрыманьня такой дапамогі сваім структурам. У той жа час некамэрцыйныя арганізацыі зьяўляюцца асноўнымі правайдэрамі інавацыйных падыходаў у сацыяльнай, адукацыйнай, культурнай і іншых важных для грамадзтва сфэрах, на працягу многіх гадоў паказваюць, што яны здольныя рэалізоўваць свае праекты самастойна, эфэктыўна і без істотных выдаткаў, — падсумавала Вольга Смалянка.

 

Юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў растлумачыў сваё бачаньне прычыны зьяўленьня Дэкрэту № 5 і ягоны магчымы ўплыў на дзейнасьць замежных фондаў у Беларусі:

— Рэфармаваньне парадку атрыманьня замежных ахвяраваньняў было выклікана дзвума асноўнымі чыньнікамі: эканамічны крызыс прымусіў улады шукаць грошы ў нязвыклых крыніцах, накшталт эўрапейскіх фондаў, а наладжваньне стасункаў з Захадам, з аднаго боку, зьняла палітычныя перашкоды для заходніх фондаў што да супрацы з афіцыйным Менскам, а з іншага боку разьвеяла перасьцярогі мясцовых чыноўнікаў што да рызыкі праз працу замежных фундацыяў заразіцца вірусам “каляровай рэвалюцыі”.

Замежная бязвыплатная дапамога для наша ўраду выглядае цяпер як мэтавыя крэдыты, якія ня трэба вяртаць. Падзеньне даходаў бюджэту прымусіла ўлады зьвярнуць увагу да тых сродкаў, якія маглі бы быць атрыманыя для фінансаваньня дзяржаўных выдаткаў праз праграмы міжнароднай дапамогі. Нават цяпер Беларусь атрымлівае больш за сто мільёнаў эўра ў год дапамогі з замежных фондаў — і гэтыя грошы ва ўмовах крызысу зусім ня лішнія.

Да таго ж ёсьць пэўны суб’ектыўны фактар: замежная дапамога — гэта пазабюджэтныя грошы, кантроль за іх выкарыстаньнем існуе, але пэўныя прывабныя магчымасьці для выканаўцаў зьяўляюцца. Ня буду казаць агульна пра карупцыйны складнік працы дзяржаўных органаў з замежным фінансаваньнем альбо выпадкі нямэтавага выкарыстаньня ці фінансаваньня сумнеўных з пункту гледжаньня эфэктыўнасьці праектаў — гэта асобныя праблемы. Але памеры ганарараў тут могуць істотна перавышаць звычайныя для беларускіх чыноўнікаў заробкі, ды і ў межах фармальна мэтавага выкарыстаньня могуць быць разнастайныя прывабныя для выканаўцаў схемы, накшалт неканкурэнтнага правядзеньня тэндэраў.

Юрый Чавусаў падазрае, што ў хуткім часе пад уплывам дэкрэту беларускія міністэрствы і ведамствы пачнуць актыўней шукаць сродкі ў замежных праграмах. Магчыма, у дзяржаўных органах зьявяцца адмысловыя аддзелы па напісаньні праектаў ды адпаведныя спэцыялісты па фандрайзынгу Дэкрэт відавочна заахвочвае гэткую працу.

— Таксама будзе паўставаць ўсё больш некамэрцыйных арганізацыяў, створаных пры падтрымцы органаў улады для таго каб фармальна забясьпечыць удзел грамадзкасьці ў рэалізацыі праектаў. Гэта могуць быць як наўпрост кантраляваныя псэўда-грамадзкія структуры (ГОНГО), так і проста ляяльныя ўладам арганізацыі, не заплямленыя ў вачах уладаў палітычнай дзейнасьцю, да якой яны адносяць і працу праваабаронцаў, і дзейнасьць іншых незалежных НДА. Натуральным чынам існуючыя незалежныя арганізацыі прасунуцца яшчэ больш па шляху дыстанцыяваньня ад палітычных працэсаў, каб канкураваць за фінансаваньне з гэтымі новымі ляяльнымі структурамі.

А для донараў дэкрэт робіць больш прывабнай працу зь дзяржаўнымі структурамі, а не з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці. Такім чынам, пры агульных роўных умовах рызыкі пры рэалізацыі праекта празь дзяржаўную структуру будуць меншыя, чым пры працы праз НДА: дзяржава можа рэалізуе праект менш эфэктыўна, але з больш шчыльным выкананьнем фармальных умоваў справаздачнасьці, што спрашчае працу для супрацоўнікаў донарскіх структураў. Так што для донарскай супольнасьці новы дэкрэт — гэта вітальны сігнал з боку беларускіх уладаў.

Нездарма нядаўна міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся з прадстаўнікамі нямецкіх палітычных фундацыяў і вёў перамовы пра магчымае аднаўленьне іх прадстаўніцтваў у Беларусі. Тут можа спрацаваць і яшчэ адзін пазытыўны для беларускіх уладаў эфэкт: ранейшыя элемэнты інфраструктуры арганізацыі дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі могуць стаць дадатковымі фінансавымі падмуркамі рэжыму. Разбураецца “інфраструктура надзеі”, якая была створаная вакол Беларусі ў часы моды на “каляровыя рэвалюцыі”, але апошнія гадоў восем працавала ўхаластую.

Замежных донараў можна таксама зразумець: гісторыя працы дзеля дэмакратыі ў Беларусі вялікая і малапасьпяховая, што ставіць пад сумнеў эфэктыўнасьць іх працы. Цяпер яны будуць больш працаваць з уладамі, з чыноўнікамі, і нават са спэцслужбамі — эфэкту дэмакратызацыі тут яны таксама наўрадці дасягнуць, але, зь іншага боку, і чаканьні тут будуць меншыя.

Праграмы разьвіцьця дэмакратыі і прававой дзяржавы, праграмы разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці — усё гэта, безумоўна, застанецца ў праграмах замежных фондаў. Але рэалізоўвацца гэтыя праекты будуць у першую чаргу празь дзяржаўныя арганізацыі, а донары будуць заахвочваць НДА да рэалізацыі праектаў у партнэрстве з афіцыйнымі структурамі. Таксама можна прагназаваць скарачэньне фінансаваньня СМІ, што вяшчаюць на Беларусь з-за мяжы, — пракамэнтаваў Юрый Чавусаў.

Напярэдадні ўступленьня ў сілу Дэкрэта № 5 пастановай Упраўленьня справамі прэзыдэнта ад 8 лютага 2016 года № 2 былі зацьверджаныя формы дакумэнтаў, неабходных для рэгістрацыі і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі.