За адмову адказваць па-беларуску дырэктара ЖЭСа аштрафавалі на 500 тысяч
Блогер Глеб Лабадзенка выйграў справу ў судзе Фрунзенскага раёна. На працэсе прысутнічала юрыст Дар’я Каткоўская, эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.
Гісторыя пачалася, як кажуць, на пустым месцы, на справе побытавага канфлікту. Сусед Глеба Лабадзенкі напісаў скаргу, маўляў, той робіць у кватэры незаконную перапланіроўку (пачуўшы шум ад укладкі пліткі на кухні). ЖЭС вынес папярэджанне, не прыходзіўшы ў кватэру і нават не тэлефанаваўшы. Лабадзенка напісаў пратэст па-беларуску, а яму адказалі па-руску.
“Прычым, не проста па-руску! — кажа Лабадзенка. — Дырэктар ЖЭСа ў канцы ліста напісаў, што ў нас, паводле Канстытуцыі, дзве дзяржаўныя мовы. Чым груба парушыў артыкул 18.1 Закона аб зваротах грамадзян. Там пішацца: абавязаны адказваць у залежнасці ад мовы звароту — на беларускай ці рускай”.
Блогер звярнуўся ў Генпракуратуру, адтуль справу перанакіравалі ў Фрунзенскую пракуратуру, адтуль — у Адміністрацыю Фрунзенскага раёна.
Глеб Лабадзенка: “Мяне выклікалі, апыталі як пацярпелага, вельмі карэктна. Папрасілі прабачэння нават, што няма беларускамоўных бланкаў. І накіравалі справу ў суд”.
Суд абдыўся раніцай 3 верасня. З боку ЖЭСа ніхто не з’явіўся: даслалі факс, што просяць разглядаць справу ў іх адсутнасць.
Глеб Лабадзенка: “Суддзя перагледзела мой ліст, адказ з ЖЭСа, і адзначыла, што парушаны п. 9.13 КаАП Рэспублікі Беларусь. Вердыкт — штраф дырэктару ЖЭСа 5 базавых велічыняў, 500 тысяч рублёў”.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, ЖЭСу даецца паводле закона, 10 дзён на абскарджанне. Але Лабадзенка кажа, што задаволены.
Глеб Лабадзенка: “Я не прагнуў крыві дырэктара ЖЭСа, мяне б здаволіла проста прызнанне яго віны і якое-небудзь папярэджанне ці вымова. Проста, па гэтым артыкуле менш за 400 тысяч яму даць не маглі. Самае галоўнае тут: стварэнне прэцэдэнту. Не проста махаць кулакамі, што мову крыўдзяць, а адстаяць сваё права на мову законнымі сродкамі у судзе”.
На працэсе прысутнічала юрыст Дар’я Каткоўская, эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.
“Суддзя паставілася вельмі прыязна, пацвердзіла, што Закон быў парушаны, — кажа Каткоўская.— Разглядалася нават пытанне аб прыцягненні да адказнасці па артыкуле 9.22, «стварэнне перашкодаў у карыстанні дзяржаўный мовай». Аднак прысуд быў вынесены па артыкуле 9.13, «парушэнне працы па зваротах грамадзян«”.
Адразу пасля пасяджэння Дар’я Каткоўская накіравалася ў… прыёмную суда і папрасіла Кнігу заўвагаў і прапановаў!
Дар’я Каткоўская: “Падчас пасяджэння высветлілася, што ў судзе Фрунзенскага раёна, самага буйнога раёна горада Мінска, няма сакратара, які быў бы здольны весці пратакол судовага пасяджэння па-беларуску. Таму я пакінула ў «Кнізе» прапанову, што працу суду трэба ўдаскнааліць: альбо наняць хоць бы аднаго сакратара, які мог бы задаволіць гэтае канстытуцыйнае права грамадзян, альбо павысіць кваліфікацыю існуючага корпусу судовых сакратароў”.