21.07.2014
padpishy_sercam

Падпісаць сэрцам: арганізацыі заяўляюць пра сваю адказнасць і чакаюць яе ад ураду

Чаму арганізацыі лічаць важным падпісаць Мемарандум аб далучэнні да Канвенцыі аб правах інвалідаў, разважаюць прадстаўнікі грамадскай супольнасці.

Старшыня Lawtrend: “Мемарандум – грамадзянская пазіцыя”

“Канвенцыя па правах інвалідаў, на мой погляд, мусіла быць падпісаная Беларуссю ўжо даўно”, – кажа юрыст і праваабаронца, старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Алена Танкачова.

На яе думку, калі дзяржава не робіць дастаткова для гуманізацыі сферы правоў людзей з інваліднасцю, для павышэння стандартаў і наяўнасці магчымасцей разгляду спрэчак у судзе, то “грамадскія арганізацыі, грамадскі сектар і грамадзяне мусяць выказаць стаўленне да гэтага. Мемарандум, на мой погляд,  – гэта менавіта грамадзянская пазіцыя. Мы са свайго боку гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за павышэнне стандартаў і патрабуем гэта ад беларускай дзяржавы”.

Асноўны матыў падпісання Мемарандума арганізацыяй таксама – паказаць сваю прыхільнасць мэтам Канвенцыі.

– Мы праваабарончая арганізацыя, якая займаецца правамі чалавека і якая актыўна выкарыстоўвае міжнародны механізм іх абароны, – кажа Алена. – Мы канстатуем: па цэлым блоку сацыяльных і сацыяльна-палітычных пытанняў прагрэс у краінах пост-савецкай прасторы не мог бы быць дасягнуты, калі б краіны не з’яўляліся ўдзельніцамі міжнародных пагадненняў.

На думку прадстаўніка Lawtrend, амаль ні па адной справе, якія тычацца дыскрымінацыі ў адносінах людей з інваліднасцю, беларуская судовая сістэма не заняла зразумелую пазіцыю. Панятак дыскрымінацыі надзвычай цяжка працуе ў беларускай судовай сістэме. Пры такой сітуацыі можа з’явіцца шмат зваротаў у міжнародны орган, але з іншага боку, менавіта гэта можа запавольваць падпісанне Беларуссю Канвенцыі:

“Урад разумее, што ў нейкі момант нам давядзецца быць больш адкрытымі і адказнымі. Тады ўжо міжнародная супольнасць будзе даводзіць да Беларусі патрабаванні свае патрабаванні”.

Прадстаўнік арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”: “Усім важна мець аднолькавыя правы”

–  Падпісанне Мемарандума – гэта, у першую чаргу, знак адносінаў да сітуацыі, у якой знаходзяцца ўсе людзі з інваліднасцю Беларусі, кажа кіраўнік міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” Таццяна Якаўлева. – Мы хочам зразумелых і, урэшце, рэальна дзейсных заканадаўчых крокаў ад урада. Мы жадаем быць годнай часткай цывілізаванага свету.

Суразмоўца лічыць, што на выбудоўванне сістэмы новых сацыяльных стасункаў спатрэбіцца нямала часу, але ў краіне ёсць шанец ісці ў патрэбным кірунку.

– З’явяцца большыя магчымасці ўзаемадзеяння з дзяржструктурамі. Сёння сітуацыю мы ацэньваем як сітуацыю агульнай псіхалагічнай трансфармацыі сацыяльнай свядомасці,таму чакаем новых магчымасцей,так Таццяна ацэньвае вынікі магчымага падпісання Канвенцыі

Таццяна напрамую кантактуе з мэтавай аўдыторыяй Канвенцыі і адзначае праблематычнасць сітуацыі:

“Цяжка жыць з дыягназам “аўтызм”: тут і непрыняцце грамадствам, і магчымасць навучання нароўне з іншымі ад дзіцячага садка да вну,  пытанні працаўладкавання і самастойнага пражывання, рэальнай сацыяльнай падтрымкі з улікам індывідуальных патрэбаў. І зноў мы кажам аб праве быць нароўне з іншымі грамадзянамі”.

Беларуская, як і міжнародная супольнасць, не мае іншых прававых варыянтаў: нам неабходна пачынаць рабіць граматныя і мэтанакіраваныя крокі, цягнуцца за краінамі, якія ўо падпісалі Канвенцыю, подсумоўвае прадстаўнік НДА.

Жадаеце далучацца? Тут (калі вы жадаеце падпісаць Мемарандум асабіста) ці тут (калі прадстаўляеце думку ўсёй арганізацыі).

Офис по правам людей с инвалидностью