Юлія Рымашэўская: «Добрым справам патрэбны PR»

У Менску распачаўся праект «PR недзяржаўных арганізацый, ініцыятыў, кампаній. Візітоўкі».

«Свядомая і навуковая маніпуляцыя звычкамі і меркаваннямі
шырокіх мас — значны элемент дэмакратычнага грамадства»
Эдвард Бернэйс, «Прапаганда».

У Мінску, у офісе Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, прэзентаваны праект «PR cацыяльна значных праектаў» грамадскай ініцыятывы PRацоўня сацыяльнай рэкламы. Місія праекту — зрабіць станоўчае больш заўважным у соцыюме.

Сутнасць: у папулярных людных месцах сталіцы і абласных цэнтраў Беларусі размесцяць стэнды (на фота) з візітоўкамі разнастайных недзяржаўных арганізацый, ініцыятыў, кампаній, курсаў. Мяркуецца, што такімі люднымі месцамі будуць бібліятэкі, кінатэатры, інтэлектуальныя кавярні. Сярод удзельнікаў пілотнага праекту — і часопіс па правах чалавека LawtrendMonitor, і кампанія «За НЕсмяротнае пакаранне», і Офіс па правах людзей з інваліднасцю», і дабрачынная крама «Калі Ласка», і Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў.

Як выглядаюць візітоўкі — можна убачыць тут.

Аўтар ідэі — кіраўнік Lawtrend Алена Танкачова, каардынатар і капірайтар — Юлія Рымашэўская.

Паводле Юліі, такі праект наспеў даўно: «Вось колькі няўрадавых арганізацый ці ініцыятыў назаве звычайны жыхар Менску, калі яго прыпыніць на вуліцы – і запытацца? 10? 5? 30? А насамрэч іх толькі зарэгістраваных — каля трох тысяч. А ёсць яшчэ тыя, што не патрабуюць рэгістрацыі і тыя, што не зарэгістраваныя з іншых прычын«.

Бракуе вядомасці праектаў НДА, на погляд Юліі, — недастатковыя высілкі распаўсюду пра сябе інфармацыі, а таксама абыякавасць да сацыяльнай праблематыкі з боку СМІ:

«Паводле некаторых даследванняў, у постсавецкіх рэспубліках унікальна высокі ўзровень даверу да інфармацыі, падаванай СМІ. Таму, акцэнтуючы ўвагу на той ці іншай з’яве, праблеме альбо наадварот, ігнаруючы нешта — СМІ фармуе ўяўленне пра гэта ў сваіх чытачоў, слухачоў, гледачоў. А тэндэнцыі, агульныя для журналістыкі паўсюдна — гэта пошук сенсацыі і скандалу і негатыву. І гэтага негатыву ўвесь час более. А тым часам добрага не становіцца менш. Яго проста ўсё меней заўважаюць. І, на наш погляд, добраму і станоўчаму ў жыцці патрабуецца PR. Яго «ёсць у нас», як той казаў. Мы спадзяемся на падтрымку з боку СМІ. Давайце падкрэсліваць — патрэбнае ў жыцці. Курсівам ці bold: як заўважней«.

Адказваючы на пытанні пра будучае развіццё праекту, Рымашэўская падкрэсліла значнасць выкарыстання ўсяго патэнцыялу зробленага: «Часцяком здараецца, што файны прадукт губляе сэнс ад недапрадуманасці распаўсюду. І ляжыць, сам сабе такі прэўкрасны, на паліцах, пыліцца. Мы не жадаем патрапіць у гэтую пастку. Найперш зробім акцэнт на распаўсюдзе нашых стэндаў. Шукаем аднадумцаў і адкрыты да прапаноў пляцовак для іх«.