Алена Танкачова — праваабаронца года

Аргкамітэт Нацыянальнай прэміі праваабаронцаў назваў імёны сёлетніх лаўрэатаў. Праваабаронцам года прызнаная Алена Танкачова, адвакатам — Людміла Казак, журналістка Алена Панкратава і сайт “Вясны”.

Згодна з традыцыяй, лаўрэатаў прэміі супольна вызначаюць дзевяць беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, РПГА “БХК”, закрыты ўладамі цэнтр “Вясна”, “Праваабарончы альянс” і іншыя, а таксама былыя атрымальнікі прэміі.

Традыцыйна прэмія беларускіх праваабаронцаў ўручаецца ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Ёй адзначаюць людзей, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у ў абарону правоў чалавека ў гэтым годзе.

Па словах аўтаркі ідэі прэміі Людмілы Гразновай, сёлета для галасавання сябрамі журы было вылучана вельмі шмат годных кандыдатураў. Але пасля абмеркавання і галасавання сябры прынялі рашэнне ўзнагародзіць наступных:

Premia_AllПраваабаронцам года была названая кіраўніца “Цэнтру прававой трансфармацыі” Алена Танкачова.

Адвакатам года сябры журы прызналі Людмілу Казак.

А ў галіне журналістыкі сябры журы сёлета назвалі адразу двух пераможцаў – аўтарку перадачы “Свабода ў турмах” Алену Панкратаву, а таксама рэдакцыю сайта закрытага беларускімі ўладамі цэнтру “Вясна”, паведамляе прэс-служба «БАЖ».

Нагадаем, што ў папярэднія гады ў журналісцкай намінацыі праваабаронцы ўжо прызнавалі лепшымі Сямёна Печанко, Алега Груздзіловіча, Уладзіміра Грыдзіна, Юлію Дарашкевіч, Андрэя Пачобута, а таксама перадачу “Маю права” тэлеканала “Белсат”.

 

EuroBelarus