Запрашэнне да ўдзелу ў грамадскіх слуханнях “Удасканаленне прававых умоваў для дзейнасці некамерцыйных арганізацый”

30 мая 2013 года Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў». Цяпер адбываецца дапрацоўка законапраекта і яго падрыхтоўка да другога чытання. Канчатковае прынцяццё закона чакаецца на восеньскай сэсіі парламента.

Аднак, нягледзячы на тое, што праект закона накіраваны непасрэдна на арганізацыі грамадзянскай супольнасці, абмеркавання з грамадскасцю ў дачыненні да гэтага праекта не праводзілася.  Прапанова 25 арганізацыяў грамадзянскай супольнасці правесьці напярэдадні другога чытання законапраекта грамадскія слуханні засталася не падтрыманай парламентам.

Зыходзячы з важнасці выказвання пазыцыі некамерцыйных арганізацыяў па праектам нарматыўных актаў, якія закранаюць іх дзейнасць, Цэнтр прававой трансфармацыі ладзіць грамадскія слуханні па гэтай тэме.

Задача мерапрыемства: абмеркаванне зьместу законапраекта ў вэрсіі пасля першага чытання, выказванне заўвагаў і прапановаў да гэтага дакумента, абмеркаванне перспектываў далейшых накірункаў удасканалення заканадаўства пра некамерцыйныя арганізацыі ў інтарэсах развіцця і паляпшэння прававых умоваў для грамадзянскай супольнасці краіны.  З паведамленнямі па тэме слуханняў выступяць прадстаўнікі Цэнтра прававой трансфармацыі ды іншыя эксперты.

Да ўдзелу у дыскусіі запрошаныя прадстаўнікі арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы, прадстаўнікі парасонавых аб’яднанняў і эксперты ў галіне некамерцыйнага права, а таксама парламентары.

Грамадскія слуханні адбудуцца 9 кастрычніка у памяшканні  Цэнтра прававой трансфармацыі па адрасе
г. Мінск, вул. Нававіленская, 38-18 .

Пачатак слуханняў: 12:00

42825382da88c80cdb178a511b64395b