Замест слуханняў па заканадаўстве аб НКА – слуханні па адукацыі

Палата прадстаўнікоў адказала на зварот 25 некамерцыйных арганізацыяў, якія прапанавалі правесці парламенцкія слуханні па пытанні ўдасканалення заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях ды іншых НКА.

Намеснік старшыні пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Аксана Няхайчык паведаміла, што лічыць правядзенне парламенцкіх слуханняў па гэтым пытанні немэтазгодным, паколькі, на думку камісіі, прыняццё праекта зменаў у закон “Аб грамадскіх аб’яднаннях” у першым чытанні 30 мая азначала ўхваленне ягонай канцэпцыі, якая не падлягае больш істотным сэнсавым зменам.

Нагадаем, што 16 ліпеня ў парламент і ўрад Беларусі быў накіраваны калектыўны зварот 25-ці НКА з прапановай правесці парламенцкія слуханні па пытанні ўдасканалення заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях. Нагодай для зварота стала прыняццё Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні законапраекта “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў”, які замацоўвае пэўныя станоўчыя зьмены, але не вырашае самых істотных  прававых праблемаў, з якімі сутыкаюцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

Цэнтр прававой трансфармацыі як ініцыятар калектыўнага звароту па правядзенні парламенцкіх слуханняў выказвае падзяку тым арганізацыям, якія падтрымалі зварот пісьмова альбо ў электроннай форме. Зацікаўленая грамадскасць і надалей будзе імкнуцца да таго каб заканадаўства пра грамадскія аб’яднанні развівалася з улікам меркаванняў грамадскасці. У тым ліку будзе працягнутая праца дзеля ўдасканалення праекта закона “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях дзейнасьці палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”.

Таксама 31 ліпеня Палата прадстаўнікоў паведаміла, што у другой палове лістапада бягучага года ў Палаце прадстаўнікоў пройдуць парламенцкія слуханні па пытаннях удасканалення заканадаўства і нарматыўна-прававой базы, якая тычыцца нацыянальнай сістэмы адукацыі. Пры падрыхтоўцы да парламенцкіх слуханняў, хутчэй за ўсё, будуць праводзіцца розныя канферэнцыі і круглыя сталы з удзелам зацікаўленых бакоў. Калі запланаваныя слуханні адбудуцца, гэта будзе першым за доўгі перыяд (ад лістапада 2010 года) прыкладам выкарыстання гэткай формы парламенцкай працы.

Правядзенне парламенцкіх слуханняў па пытанні заканадаўства аб адукацыі стварае добрую магчымасць для грамадскіх аб’яднанняў выказаць сваю пазыцыю як наўпрост па праблемах адукацыі, так і па пытанні ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі НКА. Важнасць такой дыскусіі павялічваецца ў кантэксце абагульнення двухгадовага досведу выкарыстання Кодэкса аб адукацыі.