Свабода асацыяцыяў за I квартал 2015 году
Цэнтр прававой трансфармацы і Асамблея НДА падрыхтавалі маніторынг «Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за першы квартал 2015 году». Пэрыяд агляду: 1 студзеня — 31 сакавіка.
Аўтары маніторынгу асьвятляюць найбольш важныя падзеі ў галіне свабоды асацыяцыяў за апошнія 3 месяцы, такія як:
- накіраваньне 29 беларускімі некамэрцыйнымі арганізацыямі і міжнароднымі экспэртнымі цэнтрамі ў Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці калектыўных прапановаў па пытаньні ўдасканаленьня закону аб замежнай бязвыплатнай дапамозе;
- крытыку праекта дэкрэта, які рэгулюе працэдуру атрыманьня і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі.
- падрыхтоўку беларускімі няўрадавымі арганізацыямі шэрагу альтэрнатыўных дакладаў у межах УПА, у тым ліку агульны даклад шырокай кааліцыі праваабарончых організацыяў, а таксама спэцыяльны даклад аб прававым становішчы арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і захаваньні свабоды асацыяцыяў.
- cтатыстыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў за 2014 год, апублікаваны Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і іншыя падзеі.
Маніторынг таксама ўключае пералік зарэгістраваных некамэрцыйных арганізацыяў. За пэрыяд студзень-сакавік 2015 году рэгістрацыю атрымалі 23 грамадзкія аб’яднаньні, 3 фонды і 15 недзяржаўных установаў (за выключэньнем прыватных установаў адукацыі).
Юрысты адзначаюць, што па-ранейшаму захоўваецца практыка неабгрунтаваных адмоваў у рэгістрацыі, у тым ліку на падставе малазначных недахопаў у афармленьні дакумэнтаў. Так, у студзені 2015 улады адмовілі ў рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню “Крызысны цэнтар сям’і “Крок” на падставе прэтэнзіяў да дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць наяўнасьць юрыдычнага адрасу.
Аўтары маніторынгу “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” працягваюць сачыць за сытуацыяй адной зь нешматлікіх зарэгістраваных у краіне рэгіянальных праваабарончых арганізацыяў — грамадзкім аб’яднаньнем “Магілёўскі праваабарончы цэнтар”. Арганізацыю спрабуюць ліквідаваць спасылаючыся на праблемы зь юрыдычным адрасам. На цяперашні момант разгляд справы аб ліквідацыі “Магілёўскага праваабарончага цэнтру” спынены.