Сэмінар-кансультацыя па рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў у Гомелі

Цэнтр прававой трансфармацыі i Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў запрашаюць на сэмінар-кансультацыю “Стварэньне і рэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў”.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі ініцыятыўных групаў з Гомеля і Гомельскай вобласьці, якія маюць намер распачаць працу па рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай некамэрцыйнай арганізацыі.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 16 лістапада ў Гомелі ў Грамадзкім цэнтры на вул. Палеская 52, пачатак а 12-й гадзіне.

Падчас сэмінару будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Адмысловая ўвага будзе нададзеная тым зьменам, якія адбыліся ў парадку стварэньня грамадзкіх аб’яднаньняў праз уступленьне ў сілу ў лютым 2014 году паправак да закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, а таксама зьменам у прававым рэгуляваньні ўзгадненьня назваў некамэрцыйных арганізацыяў .

Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым атрымаць кансультацыі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў ды па іншых прававых пытаньнях.

Трэнэрамі сэмінару будуць дасьведчаныя юрысты ў галіне беларускага некамэрцыйнага права: Вольга Смалянка, дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі, Юрый Чавусаў, юрысконсульт Асамблеі НДА, ды іншыя экспэрты.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад кожнай зь ініцыятыўных групаў, што маюць намер рэгістраваць некамэрцыйную арганізацыю.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка.

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары-кансультацыі: 12 лістапада 2014 году.