Сэмінар-кансультацыя па рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў
Цэнтар прававой трансфармацыі і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў запрашаюць на сэмінар-кансультацыю “Стварэньне і рэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў”.
Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі ініцыятыўных групаў з Магілёва і Магілёўскай вобласьці, якія маюць намер распачаць працу па рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай некамэрцыйнай арганізацыі.
Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 18 кастрычніка ў Магілёве ў Грамадзкім цэнтры “Кола” (зав. Чкалава 16), пачатак а 12-й гадзіне.
Падчас сэмінару будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Адмысловая ўвага будзе нададзеная тым зьменам, якія адбыліся ў парадку стварэньня грамадзкіх аб’яднаньняў праз уступленьне ў сілу ў лютым 2014 году паправак да закону «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях», а таксама зьмяненьням у прававым рэгуляваньні ўзгадненьня назваў некамерцыйных арганізацыяў .
Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым атрымаць кансультацыі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў ды па іншых прававых пытаньнях.
Трэнэрамі на сэмінары будуць дасьведчаныя юрысты ў галіне беларускага некамэрцыйнага права: Вольга Смалянка, дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі, Юры Чавусаў, юрыстконсульт Асамблеі НДА, ды іншыя экспэрты.
Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад кожнай з ініцыятыўных групаў, што маюць намер рэгістраваць некамэрцыйную арганізацыю.
Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы: http://goo.gl/forms/88BtnccJQJ
Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары-кансультацыі: 15 кастрычніка 2014 году.