Чым жыве трэці сектар?

Як развіваюцца грамадскія арганізацыі ў Беларусі ды ініцыятывы, якія распачынаюць актывісты, і з якімі праблемамі сутыкаецца трэці сектар? Аналітыкі правялі грунтоўны маніторынг грамадскай актыўнасці за апошнія тры гады.

Дыягназ не дадае аптымізму: павольная, але адмоўная дынаміка ды нават замарожванне. Гаворка пра сацыяльную актыўнасць у нашай краіне, пра нізкую тэмпературу якой размаўлялі ў Менску.

Маніторынг грамадскіх арганізацыяў правёў Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі. Атрымаўся летапіс дзейнасці за тры гады.

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ЦЭНТР ЕЎРАПЕЙСКАЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ:
«Мы бачым акцыі культурнай значнасці вялікай, напрыклад, набыццё Статуту 1588 года высілкамі людзей, мы бачым дабрачынныя акцыі, якія самі людзі арганізоўвалі ў дапамогу, нам удалося абараніць балоты беларускія».

Аналітыкі сцвярджаюць: станоўчыя прыклады ёсць, калі кампаніі нязначна датычаць грамадска-палітычнай тэматыкі. Як, напрыклад, масавыя страйкі прадпрымальнікаў улетку супраць увядзення тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу. У выніку ўлады пайшлі на пэўныя саступкі, адкладаючы, праўда, пытанне «на потым».

Адзначылі ў маніторынгу і ініцыятывы супраць пабудовы забаўляльнага комплексу «БульбАшъ Холл» у Курапатах ці Астравецкай АЭС, а таксама з’яўлення расейскай авіябазы ў нашай краіне.

ІРЫНА СУХІЙ, ГА «ЭКАДОМ»:
«У Менску ўдаецца адстаяць зялёныя тэрыторыі або не даць пабудаваць дом, калі ў такіх ініцыятыўных групах ёсць, можна сказаць, адчайныя».

Тым часам зарэгістраваць такія ініцыятывы ўсцяж складана, зазначаюць эксперты.

Аднак і пасля рэгістрацыі застаюцца пытанні ўласнага выжывання. Толькі за апошні год агульная колькасць некамерцыйных арганізацыяў зменшылася ўдвая. На практыцы гэты статус азначае ільготы ў арэндзе памяшканняў. Сёлета яго пазбавілі найстарэйшае грамадскае аб’яднанне Таварыства беларускай мовы, тым часам у ільготным спісе – дзве праўладныя партыі: Рэспубліканская партыя працы і Камуністычная партыя Беларусі.

На грамадскіх слуханнях наконт удасканалення дзейнасці некамерцыйных арганізацыяў юрысты і аналітыкі прапанавалі свае змены ў заканадаўства.

АЛЕНА ТАНКАЧОВА, ЦЭНТР ПРАВАВОЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ:
«Крымінальная адказнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, пытанні рэгулявання ў заканадаўстве дзейнасці грамадскіх арганізацыяў, пытанні магчымасці працаваць і арганізоўваць сваю дзейнасць на базе юрыдычных адрасоў».

Новы Закон «Аб грамадскіх аб’яднаннях», паводле экспертаў, мае размытыя нормы, што спрашчае падставы для ліквідацыі ці адмовы ў рэгістрацыі, як, напрыклад, у дачыненні праваабарончай арганізацыі «Платформа» ці грамадскага аб’яднання «За справядлівыя выбары».

Каб з’явіўся шанец на змены, амаль дзвюм з паловаю тысячам зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў у нашай краіне давядзецца аб’яднаць намаганні.