Запрашаем на секцыю даследаванняў грамадзянскай супольнасці на ХІ Кангрэсе даследчыкаў Беларусі
У праграме XI Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 22-24 верасня 2023 года ў Гданьску (Польшча), запланаванае правядзенне секцыі “Даследаванні грамадзянскай супольнасці”. Арганізатарам секцыі выступае некамерцыйная арганізацыя Lawtrend сумесна з партнёрскімі арганізацыямі Літвы і Польшчы.
Да ўдзелу ў секцыі запрашаюцца прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, фабрык думкі і даследчых цэнтраў, якія маюць магчымасць прадставіць даклады аб выніках сваёй аналітычнай і даследчай працы на палетках найбуйнейшай акадэмічнай падзеі года ў беларускіх даследаваннях.
Секцыя «Даследаванні грамадзянскай супольнасці» з’яўляецца традыцыйнай для праграмы кангрэса. Яна праводзіцца з мэтай прадстаўлення актуальных даследаванняў, прадметам якіх з’яўляецца беларуская грамадзянская супольнасць, сектар некамерцыйных арганізацый або знешняе асяроддзе і фактары, якія аказваюць уплыў на дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Секцыя мае міждысцыплінарны характар: да ўдзелу запрашаюцца даследчыкі са сферы сацыялогіі, палітычнай навукі, права, эканомікі і іншых галін ведаў, а таксама вітаюцца прэзентацыі практычных і эмпірычных даследаванняў, маніторынгаў і г.д. Асноўная ўвага будзе традыцыйна нададзеная даследаванням грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, але і рэгіянальныя ці міжнародныя даследаванні таксама могуць быць прадстаўленыя на гэтай секцыі ў якасці прадмета для параўнальнай дыскусіі.
Каб прыняць удзел у секцыі, неабходна да 15 мая 2023 года запоўніць электронную форму заяўкі на ўдзел, пазначыўшы ў пытанні 12. Дысцыплінарны накірунак — раздзел 3 . Грамадства і грамадскія інстытуты / Society and social institutions , а ў рамках гэтага кірунку — падраздзел 1 ) Даследаванні грамадзянскай супольнасці / Civil society studies. Звяртаем увагу, што да заяўкі трэба прыкласці тэзісы даклада, які плануецца прадставіць на секцыі, аб’ёмам ад 2 да 4 тысяч знакаў. Тэзісы могуць уяўляць сабой як вынікі ўжо праведзеных даследаванняў, так і апісанне (альбо папярэднія вынікі) тых даследаванняў, якія на момант падачы заяўкі яшчэ не скончаныя.
Арганізатары кангрэса маюць магчымасць прадаставіць некаторым удзельнікам секцыі кампенсацыю транспартных расходаў і забяспечаць пражыванне (аб’ём падтрымкі будзе вызначаны пазней зыходзячы з колькасці дакладаў, якія па выніках адбору будуць дапушчаныя да прадстаўлення на Кангрэсе).
З агульным пералікам і апісаннем усіх запланаваных у рамках Кангрэса секцый можна азнаёміцца ў папярэдняй праграме мерапрыемства. Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ладзіцца ад 2010 года і лічыцца найбуйнейшай падзеяй беларускага акадэмічнага года, у ёй звычайна бяруць удзел некалькі соцень прадстаўнікоў асноўных інтэлектуальных цэнтраў, якія даследуюць палітыку, грамадства і культуру Беларусі. Мэта кангрэса — развіццё супольнасці вучоных, аналітыкаў і экспертаў, а таксама садзейнічанне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічнай і грамадзянскай супольнасці краіны, рэгіёну і свету. У 2023 годзе Кангрэс упершыню будзе прымаць польскі горад Гданьск.