22.12.2016
Лого_БНП_бел

Зварот Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства «У сувязі з тэрарыстычным нападам у Берліне»

Зварот Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства «У сувязі з тэрарыстычным нападам у Берліне»

Петэру Дэтмару, Амбасадару Германіі ў Рэспубліцы Беларусь
Андрэа Віктарын, Кіраўніцы Дэлегацыі ЕС у Рэспубліцы Беларусь

Мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, аб’яднаныя ў рамках Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, выказваем свае глыбокія спачуванні нямецкаму народу, чые грамадзяне ўвечары 19 снежня 2016 г. пацярпелі ад жахлівага тэракту у самым сэрцы краіны – Берліне, адным з самых міжкультурных і мірных гарадоў Еўропы.

У гэтыя дні ўся беларуская дэмакратычная супольнасць разам з вашай краінай перажывае адбыўшуюся трагедыю, глыбока смуткуючы аб ахвярах і пацярпелых – мірных людзях Германіі. Мы перадаем свае словы падтрымкі нямецкаму грамадству, і ў асаблівасці людзям, у чый дом прыйшла бяда.

Крывавы і цынічны акт тэрарызму здзейснены напярэдадні светлых сямейных святаў – Раства Хрыстова ды Новага года, каб застрашыць грамадзян Германіі, усёй Еўропы. На Калядным рынку Берліна нападу падвергнуліся не толькі мірныя жыхары, але і тыя каштоўнасці, якія глыбока падзяляем усе мы – свабода, роўнасць, дэмакратыя, гуманізм і ў першую чаргу – чалавечае жыццё, якое з’яўляецца безумоўнай вышэйшай каштоўнасцю само па сабе.

Асаблівае абурэнне выклікае той факт, што гэты тэрарыстычны напад накіраваны супраць краіны, якая шчодра дае прытулак мігрантам з краін, дзе ідуць войны. Сёння мы заклікаем усе цывілізаваныя краіны да аб’яднання ў адстойванні гэтых каштоўнасцяў і супрацьдзеянні дзікаму і бессэнсоўнаму тэрарызму.

Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз, краіны-партнёры Германіі ў барацьбе з міжнароднымі тэрарыстычнымі групоўкамі да прыняцця адэкватных мер бяспекі для абароны сваіх грамадзян. Разам з тым, гэтыя меры не павінны прывесці да распальвання нацыянальнай варожасці, росту ксенафобіі, радыкалізму, дыскрымінацыі і ўціску бежанцаў і нацыянальных меншасцяў у краінах Еўропы. У адваротным выпадку мэты тэрарыстаў будуць дасягнуты.

Мы верым, што цывілізаваны свет зможа аб’яднацца і абараніць сваіх грамадзян і агульначалавечыя каштоўнасці. Вельмі важна зрабіць гэта праз салідарныя і асэнсаваныя дзеянні ў інтарэсах правоў чалавека і нашых народаў.

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства

Зварот Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства «У сувязі з тэрарыстычным нападам у Берліне» (спампаваць)

Statement of the Belarusian National Platform of the Eastern Partnership Civil Society Forum “On the terrorist attack in Berlin” (download)