05.04.2019
kuropaty_vs_0

Знішчэнне крыжоў у Курапатах – адкрытая адмова ўлады шанавання гісторыі і народнай памяці Беларусі

Заява Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнерства

4 красавіка 2019 г.

4 красавіка ў месцы памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах супрацоўнікі Бараўлянскага спецлязгасу пачалі дэмантаж крыжоў, усталяваных прадстаўнікамі грамадскасці.

Месца падзеяў было ачэплена міліцыяй. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў актыўна перашкаджалі прадстаўнікам сродкаў СМІ асвятляць падзеі, прадстаўнікам грамадскасці і актыўным грамадзянам пагражалі затрыманнем, хапалі за рукі і выбівалі з рук камеры ў фотакарэспандэнтаў.

Таксама службовыя асобы Мінскай вобласці адмовіліся прадаставіць інфармацыю аб працах, якія праводзяцца ў Курапатах.

Каардынацыйны камітэт і сябры Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнерства выказваюць рашучы пратэст супраць знішчэння гістарычнай памяці, народнага мемарыяла, усталяванага самімі грамадзянамі ў памяць тысячам ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Мы расцэньваем акт знішчэння крыжоў, без тлумачэння, абмеркавання з грамадскасцю, як вандалізм і гвалт з боку дзяржаўнай ўлады над гістарычнай памяццю Беларусі і над яе народным шанаваннем.

Акрамя духоўнага, грамадзянскага і культурнага знішчэння, чым з’яўляецца гэтае дзеянне ўлады, мае месца парушэнне заканадаўства. Закон аб СМІ Рэспублікі Беларусь гарантуе прадстаўнікам медыя права прысутнічаць у месцах грамадска важных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю (арт. 34).

Таксама сябры Беларускай нацыянальнай платформы як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, звяртаюць ўвагу на тое, што паводле Канстытуцыі, грамадзянам гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя (арт. 34).

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнерства заклікае спыніць знішчэнне народнага мемарыялу і прадставіць грамадскасці дакладную і своечасовую інфармацыю пра працы ў Курапатах.

Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства аб’ядноўвае больш за 80 беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці