Зварот Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства «У сувязі з тэрарыстычным нападамі ў сталіцы Францыі»
Амбасадзе Францыі ў Беларусі
Дэлегацыі ЕС у Рэспубліцы Беларусь
Мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь, аб’яднаныя ў рамках Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, выказваем свае глыбокія спачуванні Французскай Рэспубліцы, чые грамадзяне ўвечары 13 лістапада 2015 г. пацярпелі ад серыі жахлівых дзёрзкіх тэрактаў у самым сэрцы краіны, яе сталіцы — Парыжы.
У гэтыя дні мы разам з вашай краінай перажываем адбыўшуюся трагедыю, праглядаючы страшныя кадры хронікі, глыбока смуткуючы аб ахвярах і пацярпелых — мірных людзях Францыі. Мы хочам перадаць свае словы падтрымкі французскаму грамадству, і ў асаблівасці людзям, у чый дом прыйшла бяда. Будзьце мужнымі, не дайце ёй сябе зламаць і запалохаць!
Крываваму і цынічнаму нападу падвергнуліся не толькі мірныя жыхары Парыжа, але і тыя каштоўнасці, якія глыбока падзяляем усе мы — свабода, роўнасць, дэмакратыя, гуманізм і ў першую чаргу — чалавечае жыццё, якое з’яўляецца безумоўнай вышэйшай каштоўнасцю само па сабе.
Сёння мы заклікаем усе цывілізаваныя краіны да аб’яднання ў адстойванні гэтых каштоўнасцяў і супрацьдзеянні дзікаму і бессэнсоўнаму тэрарызму.
Мы падзяляем занепакоенасць ўрада Францыі і выказваем глыбокае разуменне і падтрымку тых мер бяспекі, якія былі зроблены ў сувязі з серыяй тэрактаў, паколькі ўрад павінен забяспечваць абарону сваіх грамадзян у падобных сітуацыях.
Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз, краіны-партнёры Францыі ў барацьбе з міжнароднымі тэрарыстычнымі групоўкамі да прыняцця адэкватных мер бяспекі для абароны сваіх грамадзян. Разам з тым гэтыя меры не павінны прывесці да распальвання нацыянальнай варожасці, росту ксенафобіі, радыкалізму, дыскрымінацыі і ўціску бежанцаў і нацыянальных меншасцяў у краінах Еўропы. У адваротным выпадку мэты тэрарыстаў будуць дасягнуты.
Мы верым у тое, што цывілізаваны свет зможа аб’яднацца вакол гэтай трагедыі і абараніць свае грамадствы, грамадзян і каштоўнасці. Вельмі важна зрабіць гэта не шляхам эскалацыі гвалту ці саступак тэрарыстам, а дзякуючы салідарным і асэнсаваным дзеянням ў інтарэсах правоў чалавека і нашых народаў.
Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства