02.05.2013
d8fefc28acbd9afa2cc4e4cc399d5529

У Брусэлі і Страсбургу з’яўляюцца невядомыя праваабарончыя арганізацыі з Беларусі

Нечаканае адкрыццё зрабіла для сябе праваабаронца Lawtrend Алена Танкачова: наша грамадзянская супольнасць нашмат багацейшая, чым ёй падавалася! Адкрыццё гэта яна зрабіла падчас нядаўняга візіту ў Страсбург на пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Алена Танкачова: “Адным з прадстаўнікоў у рамках гэтай групы быў спадар, які прадстаўляўся праваабарончай арганізацыяй“Public associationn for protection of human rights”. Якая, паводле яго слоў, больш за 10 гадоў ажыццяўляе сваю дзейнасць на базе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і, нібыта, у гэтую арганізацыю аб’яднаныя прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці — выкладчыкі права і іншых гуманітарных дысцыплін”.

Здаецца, ні пра гэтую арганізацыю, ні пра яе дзейнасць ніколі нічога не было чуваць. Нават Google не дапамог выправіць гэтую недарэчнасць! Гэта не было б дзіўна, абураецца Танкачова, калі б праваабарончая арганізацыя была дзяржаўнай.

Але Аляксей Траццякоў, які прадстаўляў “Public association”, сцвярджае, што яны — недзяржаўныя. Аднак Еўрарадыё знайшло ў Брэсце і гэту невядомую “Public associationn for protection of human rights”, і яе кіраўніка. Ім апынуўся выкладчык Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна Іван Котлер. Яна сапраўды існуе з 1996 года. А што да актыўнасці…

Іван Котлер: “Пакуль яна (арганізацыя. — заўв. Еўрарадыё) займаецца тым, што садзейнічае выкладанню, адукацыі ў галіне правоў чалавека. Дапамагае праводзіць канферэнцыі, семінары, якія штогод праходзяць у нашым універсітэце”.

Але ж арганізацыя — рэспубліканская! І вось некалькі месяцаў таму, пасля чарговага пераабрання на пасаду кіраўніка гэтай “праваабарончай” арганізацыі, Котлер прымае валявое рашэнне:“Прынятае рашэнне зрабіць арганізацыю паўнавартаснай — каб яна займалася і юрыдычнай абаронай, і інфармацыйнымі справамі”…

Сцвярджае, што ідэя гэтая прыйшла яму ў галаву без падказкі збоку. Відаць, першым крокам на шляху такой рэарганізацыі і стала прысутнасць прадстаўніка “Public association” у Страсбургу. Але чаму гэта быў не кіраўнік арганізацыі, а чалавек, якога зусім нядаўна ўвялі ў аргкамітэт?

Іван Котлер: “Ну, гэта не ад нас, я не ведаю — відаць, гэта Міністэрства замежных спраў яго накіроўвала…”

З’яўленне на пасяджэнні Савета Еўропы нікому не вядомай “праваабарончай” арганізацыі Танкачова звязвае з пошукам еўрачыноўнікамі “кампраміснай прадстаўленасці на пляцоўцы беларускай грамадзянскай супольнасці”.

Алена Танкачова: “Будзем бліжэйшы час сведкамі таго, што будуць з’яўляцца прадстаўнікі ілжэграмадскіх арганізацый з ілжэмэтамі, і мы павінны быць да гэтага гатовыя”.

Самае абуральнае, тлумачыць сваю рэакцыю праваабаронца, што яны “хаваюцца” за недзяржаўнасць: няхай бы казалі праўду, што яны прадстаўнікі праўладных арганізацый і шчыра адстойвалі ў дыскусіях пазіцыю рэжыму.

 

Змiцер Лукашук, Еўрарадыё