Закрытая інфармацыя
Закрытая інфармацыя і пераслед журналістаў. Вынікі працы двух незалежных даследчых арганізацыяў пацвярджаюць працяг пагаршэння сітуацыі ў медыйнай прасторы Беларусі. “Індэкс цэнзуры” ды Цэнтр прававой трансфармацыі правялі даследаванні з нагоды пятых угодкаў дзеяння ў нашай краіне закону аб медыях і 15-й гадавіны прысутнасці ў інтэрнэт-прасторы дзяржаўных установаў.
Быць журналістам небяспечна, а дзяржава, замест таго, каб бараніць яго, бароніць… інфармацыю. Ад яго. Такія нязменныя рэаліі беларускай медыя-прасторы.
АНДРЭЙ АЛЯКСАНДРАЎ, АРГАНІЗАЦЫЯ «ІНДЭКС ЦЭНЗУРЫ»:
“За апошнія тры гады ў Беларусі адзначана 265 выпадкаў, калі супрацоўнікі міліцыі асабліва брутальна з пашкоджаннем тэхнікі затрымоўвалі журналістаў”.
Бо тыя ўсё часцей становяцца правапарушальнікамі толькі таму, што хочуць выконваць свае прафесійныя абавязкі. Дазвольны парадак рэгістрацыі медыяў, складаная працэдура акрэдытацыі журналістаў, спрошчаны парадак ліквідацыі медыяў – гэта толькі некаторыя абмежаванні медыйнай прасторы, якія прадугледжваў прыняты пяць гадоў таму новы закон аб сродках масавай інфармацыі. І новыя рычагі былі выкарыстаныя.
АНДРЭЙ АЛЯКСАНДРАЎ, АРГАНІЗАЦЫЯ «ІНДЭКС ЦЭНЗУРЫ»:
“За апошнія пяць гадоў захаваліся галоўныя праблемы, якія існуюць у сферы свабоды медыяў у Беларусі”.
Гэтак, у самой Беларусі па-ранейшаму няма ніводнага непадкантрольнага дзяржаве нацыянальнага тэлеканалу. Нашаму, што транслюе з Польшчы, тройчы адмовілі ў акрэдытацыі.
У ліку больш як 1,5 тыс. зарэгістраваных друкаваных выданняў, незалежных засталося толькі 30. Палова з іх цярпіць дыскрымінацыю у раздробным дзяржаўным гандлі. У перыяд жа 2010–2012 гадоў Міністэрства інфармацыі выдала 105 адмоваў у рэгістрацыі медыяў. З таго ж ведамства выйшла 180 афіцыйных папярэджанняў медыям. На мяжы закрыцця апынуліся самыя вядомыя незалежныя газеты “Народная Воля” і “Наша Ніва”. Ці сітуацыя палепшыцца?
АНДРЭЙ БАСТУНЕЦ, БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ ЖУРНАЛІСТАЎ:
“Мы з напружаннем чакаем выбараў, бо падчас сур’ёзных электаральных кампаніяў ціск на незалежныя медыя ў краіне ўзрастае”.
У той жа час не памяншаецца і інфармацыйная закрытасць самых дзяржаўных органаў. Не толькі для журналістаў. Апошнія даследаванні Цэнтру прававой трансфармацыі “Lawtrend” не пакідаюць сумневаў: канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна на доступ да інфармацыі парушае пераважная большасць дзяржустановаў. Даследчыкі пастанавілі спраўдзіць інтэрнэт-сайты 45-ці з іх.
АЛЯКСЕЙ КАЗЛЮК, УДЗЕЛЬНІК МАНІТОРЫНГУ:
“Сайты мусяць быць скіраваныя на двухбаковую камунікацыю. Каб дзяржаўныя органы размяшчаючы інфармацыю маглі атрымаць зваротны адказ ад грамадзянаў і маглі паляпшаць сваю працу”.
Але беларускіх міністэрстваў і ведамстваў гэты стандарт не датычыцца. Вызначаны максімальны каэфіцыент інфармацыйнай даступнасці памерам 100 % выконваецца чыноўнікамі ледзь на траціну. Найбольш інфармацыйным аказаўся сайт Нацыянальнага банку Беларусі, які выконвае толькі палову патрабаванняў на неабходную інфармацыю.
АЛЕНА ТАНКАЧОВА, ЦЭНТР ПРАВАВОЙ ІНФАРМАЦЫІ «LAWTREND»:
“Цяпер мы фіксуем, што за гэтаю сфераю дачыненняў не адбываецца ніякага належнага кантролю. Ён мусіць пачаць працаваць!”
А пакуль можна з упэўненасцю канстатаваць, якую інфармацыю найчасцей намагаюцца схаваць чыноўнікі. Між іншага, наведнік сайту афіцыйнай установы амаль ніколі не знойдзе ў ім звестак пра выкананне публічнага бюджэту, пра тое, як можна абскардзіць пастанову дзяржаўнай структуры ды на якіх умовах можна ўладкавацца ў той жа установе на працу.
АЛЯКСЕЙ КАЗЛЮК, УДЗЕЛЬНІК МАНІТОРЫНГУ:
“Магчыма, гэта звязана з тым, што няма разумення важнасці гэтай інфармацыі, а магчыма, з тым, што ёсць нейкія недапрацоўкі”.
Вынікі сваіх даследаванняў ды рэкамендацыі эксперты збіраюцца перадаць шэрагу дзяржаўных ведамстваў. Ці чыноўнікі прыслухаюцца да парадаў грамадзянскай супольнасці? Пакуль амаль усе прапановы зрабіць інфармацыйную прастору Беларусі больш адкрытаю застаюцца без увагі дзяржавы.