У Менску абмеркавалі зьмены ў заканадаўства, якія закранаюць інтарэсы НДА

12 чэрвеня ў Менску зь ініцыятывы Асамблеі НДА і Цэнтру прававой трансфармацыі (Lawtrend) адбылася нарада экспэртаў зь беларускіх няўрадавых арганізацыяў з мэтай абмеркаваньня тых зьменаў у заканадаўства, датычных дзейнасьці НДА, якія рыхтуюцца цяпер у Беларусі.

Кансультацыі адбыліся ў межах праграмы маніторынгу ўмоваў для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці ў краінах Усходняга партнэрства, у якой цяпер бяруць удзел Асамблея НДА і Цэнтар прававой трансфармацыі. Гэтая праграма рэалізуецца Эўрапейскім цэнтрам некамэрцыйнага права (ECNL) на замову Эўракамісіі. Яна пакліканая быць інструмэнтам для ацэнкі зьменаў становішча для грамадзянскага сэктару ў шасьці краінах-партнэрах.

Нагодай для кансультацыяў сталі тыя заканадаўчыя ініцыятывы, якія апошнім часам рэалізуюцца ў Беларусі і якія патэнцыйна могуць закранаць інтарэсы няўрадавых арганізацыяў у розных аспэктах іх дзейнасьці. Гэта ў прыватнасьці:

Кожная з гэтых зьменаў значная сама па сабе, а ўсе яны разам зьяўляюцца прадметам адвокасі-актыўнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (АГС). Пры гэтым у сукупнасьці яны дазваляюць казаць некаторым міжнародным экспэртам і прадстаўнікам беларускага ўраду на міжнародным узроўні (магчыма, беспадстаўна) аб кардынальнай зьмене ўмоваў для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Кожны з названых законапраектаў або папярэдніх заканадаўчых ініцыятываў дзяржаўных органаў экспэрты абмеркавалі па наступнай мадэлі:

— якія з прадугледжаных законапраектам новаўвядзеньняў зьяўляюцца найбольш значнымі для АГС;

— якія з прадугледжаных законапраектам новаўвядзеньняў зьяўляюцца пазытыўнымі, а якія нэгатыўнымі;

— якія пазыцыі АГС адносна прапанаваных новаўвядзеньняў, якія дзеяньні ўжо рабіліся імі ў дачыненьні да згаданых новаўвядзеньняў, якія яшчэ дзеяньні плянуецца зрабіць ў будучыні;

— як па ацэнцы экспэртаў могуць паўплываць прапанаваныя прававыя зьмены на заканадаўчыя і практычныя ўмовы для арганізацыяў у кантэксьце адлюстраваньня ў індыкатарах маніторынгу для мэтаў Эўракамісіі.

Дадатковым прадметам абмеркаваньня стала інфармацыя аб плянаванай распрацоўцы закону аб абароне пэрсанальных дадзеных, бягучая практыка дзяржаўнага фінансаваньня, практыка замежнага фінансаваньня, падрыхтоўка зьменаў у закон аб нарматыўных прававых актах, якая прадугледжвае ўсталяваньне агульных правілаў даступнасьці праектаў актаў заканадаўства і адзіныя падыходы да арганізацыі іх грамадзкага абмеркаваньня, дэкрэт аб разьвіцьці прадпрымальніцкай дзейнасьці, дэкрэт аб разьвіцьці лічбавай эканомікі.

Асноўныя вынікі дыскусіі:

1) Дамоўленасьць з экспэртнымі арганізацыямі аб прадастаўленьні эмпірычнай інфармацыі (уключаючы статыстыку і дадзеныя маніторынгаў у асобных абласьцях і індыкатарах) для пілётнага і наступных маніторынгаў;

2) Узгадненьне ацэнак практычнай значнасьці для прававых умоваў дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці тых заканадаўчых новаўвядзеньняў, якія ўжо анансаваныя на гэты год беларускімі ўладамі;

3) Азнаямленьне беларускіх экспэртаў з праграмай маніторынгу і магчымасьць у пэрспэктыве распаўсюджваньня дадзеных маніторынгу сярод шырокага кола стэйкхолдэраў, здольных паўплываць на паляпшэньне сытуацыі для арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці;

4) Дамоўленасьці аб сумесных дзеяньнях у дачыненьні да шэрагу тэмаў, якія зьяўляюцца індыкатарамі маніторынгу.

Удзельнікі і ўдзельніцы дыскусіі дэкляравалі зацікаўленасьць сваіх арганізацыяў у далейшай працы па напаўненьні маніторынгу, у тым ліку на стадыі пілётнага выпуску. Акрамя таго, на прапанову прадстаўніка Беларускай нацыянальнай плятформы ФГС УП прэзэнтацыя мэтадалёгіі маніторынгу была ўключана ў парадак дня штогадовай канфэрэнцыі БНП, якая адбылася 18 чэрвеня.

Для ўдзелу ў абмеркаваньні былі запрошаныя экспэрты з наступных катэгорыяў арганізацыяў:

— праваабарончыя арганізацыі, якія займаюцца маніторынгам і аналізам у тых галінах, якіх ахопліваюцца індыкатарамі, рыхтуюць альтэрнатыўныя даклады ў міжнародныя арганізацыі па гэтых тэмах;

— аналітычныя цэнтры, якія складаюць краінавыя рэйтынгі і індэксы па становішчы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, у тым ліку беларускую частку індэкса ўстойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці USAID;

— няўрадавыя арганізацыі і кааліцыі, якія ўдзельнічаюць у лябіяваньні і ў адвокасі-кампаніях па зьмене прававых актаў, якія закранаюць інтарэсы арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці;

— прадстаўнікі краўдфандынгавых плятформаў;

— прадстаўнікі арганізацыяў, якія атрымліваюць і разьмяркоўваюць сярод беларускіх НДА замежную бязвыплатную дапамогу і міжнародную тэхнічную дапамогу.

У дыскусіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага камітэту, Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “АКТ”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Фонду імя Льва Сапегі, Фонду “Новая Эўразія”, кансорцыюма “Эўрабеларусь” ды іншыя.

Асамблея НДА