24.04.2017
bedk1

Вольга Смалянка: Беларусь рэдка ідзе на вырашэнне пытанняў у плоскасці палітычных правоў

Калі раней Беларусь спрабавала сыйсці ў галіну сацыяльных правоў і давала справаздачу па іх, цяпер такой магчымасці няма, бо зададзены канкрэтныя палітычныя пытанні.

Шостага красавіка ўпершню за 20 год Беларусь падала перыядычны даклад у Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ ААН). Апошні даклад быў пададзены ў 1997 годзе. Наступнае абавязацельства падачы ў 2001 годзе наша краіна праігнаравала. Што ўсё гэта значыць, Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” папрасіла пракаментаваць дырэктара Цэнтра прававой трансфармацыі Вольгу Смалянку.

– На падставе наяўнай інфармацыі (у тым ліку той, што падаецца спецдакладчыкамі, беларускімі і Оля Cмолянкоміжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі) Камітэт ставіць пытанні, на якія краіна мусіць адказаць Звычайна, калі Беларусь падае даклады ў межах іншых міжнародных працэдур, напрыклад, універсальнага перыядычнага агляду, яна ў асноўным акцэнтуе ўвагу на пытаннях, якія ляжаць у плоскасці сацыяльных правоў. Тут жа вельмі шмат пытанняў ляжыць у плоскасці грамадзянскіх, палітычных правоў: свабода асацыяцый, сходаў, свабода выказвання меркаванняў, свабода перамяшчэнняў, іншых. Беларусь вымушаная адказваць на ўсе пастаўленыя пытанні і не можа перавесці гэты даклад у выключна зручнае для сябе рэчышча.

У той жа час краіна спрабуе прадаставіць інфармацыю і аб рэалізацыі палітычных правоў так, як гэта выгадна ёй. Напрыклад, Камітэт ставіць пытанні аб свабодзе асацыяцый, рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, наяўнасці крымінальнай адказнасці за дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт. 193.1 КК РБ). Беларусь адказвае, што так, такі артыкул ёсць, але з 2001 года ён не прымяняўся. Але тут нават не эксперту зразумела, што раз гэты артыкул на працягу такога часу існуе і яго не адмяняюць, значыць, ён патрэбны дзяржаве, напрыклад, для аказання ціску на актывістаў. Акрамя таго краінай ігнаруюцца заключэнні міжнародных інстытутаў, напрыклад, Венецыянскай камісіі па правах чалавека, аб тым, што  нават сама наяўнасць гэтага артыкула не адпавядае міжнародным абавязацельствам Беларусі.

У дакладзе гаворыцца таксама аб Беларусі як аб прававой дзяржаве, дзе забяспечваецца магчымасць стварэння розных грамадскіх аб’яднанняў. У той жа час абсалютна ігнаруецца практыка штогадовых адвольных адмоваў у рэгістрацыі вялікай колькасці аб’яднанняў, складанае заканадаўства аб некамерцыйных арганізацыях. Дзяржава адзначае, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” не падаецца на рэгістрацыю. Але ёсць заключэнне КПЧ аб тым, што ліквідацыя “Вясны” не адпавядае міжнародным нормам, адпаведна, краіна павінна проста выканаць свае міжнародныя абавязацельствы, зарэгістраваць арганізацыю, а не чакаць, калі яна падасць дакументы.

Elena TonkachevaАсобнае пытанне даклада прысвечана высылцы з краіны старшыні праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алены Танкачовай – вядомай праваабаронцы – у рамках парушэння права на свабоду перамяшчэнняў.  І калі КПЧ ставіць сваё пытанне ў рамках аказання ціску на праваабаронцу, то дзяржава спрабуе нівеляваць гэтае пытанне, разглядаючы яго як парушэнне права індывідуальгага грамадзяніна, пры гэтым маніпулюючы лічбамі і інфармацыяй, не звязваючы пытанні высылкі з праваабарончай дзейнасцю Алены.

Такіх прыкладаў аднабаковай і неаб’ектыўнай падачы інфармацыі ў дакладзе вельмі шмат.

Цяпер перад беларускімі праваабарончымі арганізацыямі стаіць сур’ёзная задача, паколькі працэдура прадугледжвае падачу ў КПЧ акрамя дзяржаўнага дакладу таксама і альтэрнатыўных дакладаў. У цяперашні час некалькі вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі дамовіліся аб падрыхтоўцы сумеснага альтэрнатыўнага дакладу. Асноўная мэта гэтага дакладу – прадстаўленне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі аб сітуацыі з выкананнем шырокага спектру правоў чалавека ў Беларусі. Мы пастараемся падрыхтаваць сваю справаздачу да лета. Калі дакладна будзе разглядацца даклад беларускаа ўраду, пакуль невядома.

Каб казаць пра нейкія перспектывы вырашэння праблем з палітычнымі правамі чалавека ў Беларусі, неабходна, каб у краіне быў наладжаны канструктыўны дыялог паміж дзяржавай і праваабаронцамі і іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, чаго пакуль няма. Што да міжнародных механізмаў, яны хоць і ствараюцца для таго, каб дапамагчы краіне вырашыць яе праблемныя пытанні, але каб прыняць гэтую дапамогу, патрэбна палітычная воля самой дзяржавы. А як сведчыць мінулы досвед, апошнія падзеі ў краіне, Беларусь рэдка ідзе на вырашэнне пытанняў, якія палягаюць у плоскасці палітычных правоў, тым больш не даводзіцца казаць аб сістэмным канструктыўным вырашэнні гэтых пытанняў.

EuroBelarus