24 лютага 2022 года
24 лютага 2022 года ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі распачалі ўварванне ва Украіну. Расійская Федэрацыя называе гэтыя дзеянні “спецыяльнай аперацыяй”, але трэба называць рэчы сваімі імёнамі: пачалася вайна, Расія — краіна-агрэсар, Беларусь уцягнутая ў гэтую вайну як саюзнік агрэсара.
Беларуская праваабарончая супольнасць упэўненая, што дзеяннімРасійскай Федэрацыі — неабгрунтаваныя і неадэкватныя, яны не маюць апраўдання.
Гэта вайна не толькі з Украінай, але выклік усяму цывілізаванаму свету, і свет павінен прыняць тэрміновыя і эфектыўныя меры па супрацьдзеянні гэтай агрэсіі.
Беларуская праваабарончая супольнасць рашуча пратэстуе супраць расійскай агрэсіі і патрабуе неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і вываду расійскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны і Беларусі.
Мы рашуча выступаем супраць выкарыстання зброі для вырашэння існуючых праблем ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавмі. Такія дзеянні відавочна прывядуць да гуманітарнага крызісу, да чалавечых ахвяр і агульнага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека.
Беларускія праваабаронцы заклікаюць урады усіх краінаў і ўсе міжнародныя інстытуцыі выказаць падтрымку Украіне, украінскай грамадзянскай супольнасці і валанцёрскім ініцыятывам і прыняць дзейныя і эфектыўныя захады для супрадзеяння агрэсіі Расіі і ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне.
Мы выказваем салідарнасць і падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе за суверэнітэт і адстойванне сваіх прынцыпаў.
Арганізацыі, якія далучыліся да заявы:
Беларускі Дом Правоў Чалавека
Беларускі ПЭН
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Инициативная группа “Идентичность и право”
Правовая инициатива
Беларуская асацыяцыя журналiстаў
Lawtrend
Беларускі Хельсінкскі камітэт
Ілюстрацыя: PA Media

