Заява Беларускай нацыянальнай платформы ФГС Ўсходняга партнёрства Аб выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў НС Рэспублікі Беларусь шостага склікання
22.09.2016
Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, абапіраючыся на прамежкавыя і заключныя справаздачы беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці аб ходзе і выніках выбарчага працэсу (у прыватнасці матэрыялы маніторынгаў Праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага хельсінкскага камітэту і Беларускай асацыяцыі журналістаў), канстатуе: что, нягледзячы на некоторыя нязначныя пазітыўныя змены ў характары выбарчай кампаніі, прайшоўшыя выбары не могуць быць прызнаныя дэмакратычнымі, свабоднымі і адкрытымі.
Падчас выбараў 2016 года прысутнічалі некаторыя нязначныя пазітыўныя змены ў характары выбарчай кампаніі. Так неабходна адзначыць, што:
- у параўнанні з папярэднімі кампаніямі падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў і падчас правядзення агітацыі значных перашкодаў з боку ўладаў не было;
- колькасць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп і адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў было нязначным;
- пры фарміраванні тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій дапускалася магчымасць прысутнасці назіральнікаў;
- пры фарміраванні тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій часам дапускалася практыка адкрытага абмеркавання кандыдатаў на ўключэнне ў камісію, а таксама практыка персанальнага галасавання ў выпадку конкурсу за месца ў камісіях;
- у шэрагу выпадкаў (27%) працэдура праверкі акруговымі выбарчымі камісіямі подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты была празрыстай для назірання;
- ўмовы правядзення масавых агітацыйных мерапрыемстваў і размяшчэння агітацыйных матэрыялаў былі лепш, чым у папярэдніх выбарчых кампаніі 2015 і 2012 гг.
Пры наяўнасці гэтых пазітыўных тэндэнцый, у цэлым дадзеная выбарчая кампанія істотна не адрознівалася ад усіх папярэдніх.
У ходзе гэтых выбараў:
- адсутнічалі роўныя ўмовы доступу ўсіх кандыдатаў да дзяржаўных СМІ;
- пры фармаванні выбарчых камісій ўжываўся дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці;
- шырока выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс на карысць пра-ўладных кандыдатаў;
- прысутнічалі шматлікія факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні;
- працэдура падліку галасоў засталася непразрыстай для назіральнікаў і ў значным ліку выпадкаў праводзілася з парушэннем устаноўленага парадку.
Беларускія ўлады не ўлічылі большасці рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па паляпшэнні выбарчага працэсу, а тыя нязначныя змены, якія былі зробленыя, не прывялі да яго большай адкрытасці і дэмакратычнасці.
Мы вымушаны канстатаваць, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання 2016 года не адпавядалі як патрабаванням базавых міжнародных стандартаў, так і выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь і не могуць быць прызнаныя дэмакратычнымі, свабоднымі і адкрытымі.
Мы таксама лічым, што абранне ў склад Палаты прадстаўнікоў дзвюх незалежных кандыдатаў не дае падстаў лічыць гэтыя выбары больш дэмакратычнымі. Мы мяркуем, што такая сітуацыя склалася ў выніку наўмыснага маніпулявання ўладамі выбарчым працэсам і істотных фальсіфікацый у працэсе галасавання.
Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай
платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства