Праверка заснавальнікаў у КДБ уводзіцца ў якасці абавязковага элемента працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі дзвюх распаўсюджаных дагэтуль арганізацыйна-прававых формаў грамадзянскай супольнасці.
Новы Закон “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання”, прыняты 1 чэрвеня 2026 года, уводзіць папярэдняе ўзгадненне ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі (КДБ) як абавязковы этап для рэгістрацыі прыватных устаноў і асацыяцый (саюзаў) юрыдычных асобаў. Новы парадак набудзе моц ад 1 ліпеня 2027 года.
Гэта чарговыя негатыўныя змены для прававога асяроддзя грамадзянскай супольнасці, якія адбываюцца пасля кампаніі масавай прымусовай ліквідацыі НКА ў 2021-2025, узмацнення жорсткасці патрабаванняў для стварэння грамадскіх аб’яднанняў, перарэгістрацыі палітычных партый і рэлігійных арганізацый. Улады метадычна закрываюць нават нязначныя прагалы ў заканадаўстве, якімі няўрадавыя ініцыятывы маглі скарыстацца для легальнага афармлення сваёй грамадскай дзейнасці.
Каго датычыць новы парадак
Новыя ўмовы рэгістрацыі датычыць двух арганізацыйна-прававых формаў НКА:
- Прыватныя ўстановы. Паводле Грамадзянскага кодэкса, установа ствараецца ўласнікам для ажыццяўлення кіраўніцкіх, сацыяльна-культурных або іншых функцый некамерцыйнага характару і фінансуецца ім цалкам або часткова. Заснаваць яе можа чалавек альбо юрыдычная асоба, у тым ліку замежныя. Да ліквідацыйнай “зачысткі” грамадзянскага сектара 2021-2025 гадоў менавіта ў форме ўстановаў існавалі некаторыя праваабарончыя арганізацыі – для іх гэта быў спосаб пазбегнуць рэгістрацыйнага сіта міністэрства юстыцыі, якое па фармальных падставах блакавала рэгістрацыю праваабрончых грамадскіх аб’яднанняў. Нават падчас ліквідацыйнай кампаніі менавіта ў форме ўстановаў паўставалі новыя НКА: па падліках Lawtrend у 2021-2025 гадах у Беларусі было зарэгістравана 136 новых прыватных установаў, 36 новых фондаў, 106 новых грамадскіх аб’яднанняў.
- Асацыяцыі (саюзы). Пад асацыяцыямі (саюзамі) беларускае права разумее аб’яднанні юрыдычных асоб і (або) індывідуальных прадпрымальнікаў, створаныя з мэтай каардынацыі іх дзейнасці, або прадстаўлення і абароны агульных інтарэсаў. Дзяржаўных аб’яднанняў, таксама як і саюзаў грамадскіх аб’яднанняў і саюзаў палітычных партый, новы парадак не будзе датычыць.
Заканадаўчае замацаванне кантролю КДБ за рэгістрацыяй НКА
Закон “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання” заменіць прэзідэнцкі Дэкрэт № 1 ад 16 студзеня 2009 года, які на сённяшні момант рэгулюе рэгістрацыю і ліквідацыю юрыдычных асобаў. Новы закон упершыню ўводзіць фармальнае ўзгадненне з спецслужбамі ў якасці абавязковай умовы рэгістрацыі НКА – дагэтуль такі кантроль не пазначаўся ў заканадаўстве так дэманстратыўна.
Паводле планаў законапраектнай дзейнасці, праект закона “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання” пачалі распрацоўваць яшчэ ў 2019 годзе, але потым праца спынілася і да законапраекта вярнуліся толькі ў 2025 годзе.
Праверкі НКА на наяўнасць пагрозы нацыянальнай бяспецы не было ў той версіі гэтага законапраекта, якая выносілася на грамадскае абмеркаванне ў 2019 годзе. У межах тагачасных кансультацый паступіла больш за 30 каментароў. Але спрэчнага палажэння пра праверку КДБ не было ў першапачатковай версіі законапраекта — яно з’явілася пазней, калі законапраект быў пададзены ў парламент. Праз гэта зацікаўленыя бакі не мелі магчымасці выказацца супраць увядзення дыскрымінацыйнага механізму да яго прыняцця.
Вось вытрымкі з закона, які быў прыняты 1 чэрвеня 2026 года:
| Статья 25. Действия регистрирующих органов при представлении документов для государственной регистрации субъектов хозяйствования … 3. Не позднее рабочего дня, следующего за днем представления документов для государственной регистрации частного учреждения, ассоциации (союза), изменений, вносимых в устав частного учреждения, связанных с изменением собственника имущества частного учреждения, регистрирующий орган направляет запрос в государственный орган (его территориальный орган), уполномоченный на осуществление мер по предупреждению и выявлению угроз национальной безопасности, о наличии (отсутствии) основания для неосуществления государственной регистрации субъектов хозяйствования, предусмотренного абзацем двенадцатым части первой пункта 1 статьи 26 настоящего Закона. … Статья 26. Неосуществление государственной регистрации субъектов хозяйствования 1. Если иное не установлено частью второй настоящего пункта, регистрирующий орган не осуществляет государственную регистрацию юридического лица, индивидуального предпринимателя, изменений, внесенных в устав юридического лица, изменений, вносимых в сведения о юридическом лице, содержащиеся в ЕГР, свидетельство о государственной регистрации индивидуального предпринимателя, в случае: … получения от государственного органа (его территориального органа), указанного в части первой пункта 3 статьи 25 настоящего Закона, информации о том, что деятельность собственника имущества частного учреждения, члена ассоциации (союза), представивших документы для государственной регистрации субъекта хозяйствования, создает угрозу национальной безопасности; в иных случаях, установленных законодательными актами. |
Новы парадак не прадугледжвае перарэгістрацыі раней зарэгістраваных арганізацый, у тым ліку раней зарэгістраваных прыватных установаў і асацыяцый (саюзаў), у дачыненні да якіх уводзіцца новы механізм праверкі.
Закон “Аб органах дзяржаўнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь” ускладае на органы дзяржаўнай бяспекі адказнасць за ацэнку нацыянальнай бяспекі і распрацоўку мер па прадухіленні і выяўленні пагроз нацыянальнай бяспецы. Гэта робіць КДБ тым органам, які паводле закона будзе цяпер фактычна кантраляваць рэгістрацыю новых некамерцыйных арганізацый.
Паводле Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь 2024 года, “пагроза нацыянальнай бяспецы” – гэта «рэальна існуючая небяспека нанясення шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Для камерцыйных арганізацый новы закон не ўводзіць такой праверкі спецслужбаў.
Такім чынам, ад 1 ліпеня 2027 года пры стварэнні прыватных установаў і асацыяцый (саюзаў), змене іх статутаў будзе ажыццяўляцца праверка на наяўнасць пагрозы нацыянальнай бяспецы перад прыняццем рашэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Фармальна, артыкул 27 Закона прадугледжвае магчымасць таго, што неажыццяўленне рэгістрацыі юрыдычных асоб можа быць абскарджана ў эканамічны суд зацікаўленымі асобамі. Але сучасны стан судовай сістэмы дае вельмі мала падстаў меркаваць, што такая новая працэдура абскарджання будзе эфектыўным механізмам аднаўлення правоў.
Закон мае і іншыя новаўвядзенні, датычныя свабоды асацыяцыяў і штодзённай дзейнасці НКА (напрыклад, прынцыпова прызнаецца магчымай працэдура змены ўласніка ўстановы, уводзіцца паняцце афіцыйнага адрас электроннай пошты арганізацыі ды іншае).
Наступствы для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі
Пасля ўступлення ў сілу закона ўласнікі ўстаноў і заснавальнікі асацыяцый сутыкнуцца з праверкай, функцыянальна эквівалентнай той, якая ўжо ўжываецца да больш жорстка рэгуляваных формаў НКА. Калі дагэтуль гэтыя дзьве папулярныя формы НКА карысталіся падобным да заяўляльнага парадкам рэгістрацыі, нараўне з камерцыйнымі суб’ектамі, то цяпер парадак стварэння ўстановаў і асацыяцыяў будзе набліжаны да існуючага дазваляльнага парадку рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, фондаў, прафсаюзаў і палітычных партый.
Атрыманне статуса юрыдычнай асобы для ўстановаў і асацыяцый будзе залежыць не ад паўнаты прадстаўленых для рэгістрацыі арганізацыі дакументаў і іх адпаведнасці патрабаванням закона, а ад рашэння КДБ адносна асабістых якасцяў заснавальнікаў НКА.
Новы механізм, верагодна, зробіць установы значна менш прывабнымі інструментамі для фармалізацыі незалежных ініцыятыў і здабыцця статуса юрыдычнай асобы (нават калі новы закон проста легалізуе ранейшы кантроль КДБ за рэгістрацыяй, які мог ажыццяўляцца на практыцы без правававых падстаў). Абавязковая праверка заснавальнікаў у КДБ заўжды можа азначаць рызыку таго, што падчас праверкі спецслужбамі могуць быць выяўленыя падставы не толькі для нерэгістрацыі НКА, але і для прыцягнення ініцыятараў НКА да адказнасці (напрыклад, за ўніверсальнае “садзейнічанне экстрэмізму”). Яшчэ менш ініцыятыў будуць імкнуцца да арганізацыйнага развіцця, працягваючы існаваць у форме нізавой актыўнасці grass roots без жадання вырасці ў паўнавартасную НКА, пазбягаючы залішняй увагі з боку дзяржаўнага апарата, і асабліва – сілавых структур. Верагодна, колькасць спробаў зарэгістраваць установу ці асацыяцыю паменшыцца ў цэлым, а паспяховых з іх будзе яшчэ менш.
Новы парадак рэгістрацыі таксама можа схіліць арганізацыі да працы ў формах, якія не будуць насамрэч прыдатнымі, але застануцца даступнымі для рэгістрацыі без праверкі КДБ (такіх як спажывецкія кааператывы). Некаторыя групы могуць абраць форму камерцыйных арганізацый, прадстаўляючы сваю дзейнасць як сацыяльнае прадпрымальніцтва. У выніку, новы закон дадаткова звузіць прастору для выбару ініцыятывамі грамадзянскай супольнасці прававой формы, прыдатнай для іх працы ў выглядзе юрыдычных асобаў.
Становішча пагаршаецца яшчэ праз тое, што ў Беларусі ўстаноўлена крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса. Пасля вяртання гэтага артыкула ў Крымінальны кодэкс з 2022 года паведамлялася пра як мінімум тры крымінальныя справы па ім). Незарэгістраваныя ўстановы і асацыяцыі не згадваюцца наўпрост у тэксце гэтага артыкула, але практыка сведчыць пра магчымасць адвольнай трактоўкі любой супольнай ініцыятывы без рэгістрацыі як падпадаючай пад гэты склад злачынства незарэгістраванага аб’яднання (напрыклад, калі па артыкуле 193-1 узбуджаліся крымінальныя справы супраць камерцыйных арганізацый, якія трактаваліся як сродак для прыхаванай дзейнасці незарэгістраваных аб’яднанняў).
Неадпаведнасць міжнародным стандартам
Міжнародныя стандарты ААН, Савета Еўропы і АБСЕ сыходзяцца ў адзіным падыходзе: хоць мэты забеспячэння нацыянальнай бяспекі могуць быць легітымнай падставай для абмежавання свабоды асацыяцый, але ўвядзенне папярэдняй праверкі заснавальнікаў НКА ў спецслужбах будзе празмернай і непрапарцыйнай мерай, якая не з’яўляецца неабходнай у дэмакратычным грамадстве.
Новы механізм супярэчыць Артыкулу 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не адпавядае Кіруючым прынцыпам АБСЕ па свабодзе аб’яднанняў.
Камітэт ААН па правах чалавека неаднаразова разглядаў скаргі супраць Беларусі менавіта па артыкуле 22 Пакта (у прыватнасці, па справах, звязаных з адмовамі ў рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў), і паслядоўна паказваў, што працэдуры рэгістрацыі, якія надзяляюць дзяржаўныя органы адвольнымі магчымасцямі не дапусціць рэгістрацыі НКА не могуць лічыцца суразмерным абмежаваннем. Перадача функцыі фактычнага допуску НКА да рэгістрацыі спецслужбе, чыя інстытуцыйная задача — забеспячэнне дзяржаўнай бяспекі, а не садзейнічанне грамадзянскай супольнасці, стварае прэзумпцыю падазронасці ў дачыненні да ўстановы ці асацыяцыі.
Патрабаванне аб узгадненні рэгістрацыі новых НКА з органамі дзяржаўнай бяспекі ўступае ў прамую супярэчнасць з абавязацельствамі Беларусі, якія вынікаюць з міжнародных дагавораў, а таксама з рэкамендацыйнымі арыенцірамі належнай практыкі ў галіне свабоды асацыяцый.

