19.06.2013
858af21924af

У Еўрапарламенце прайшлі слуханні па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і Азербайджане абмяркоўвалі сёння ў падкамітэце па правах чалавека Еўрапарламента. Нашу краіну прадстаўлялі кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова і праваабаронца Уладзімір Лабковіч. Прысутнічаў на слуханнях і дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс. Пра што ішла размова, Еўрарадыё распавядае Алена Танкачова.

Еўрарадыё: Каго з іншых удзельнікаў гэтых слуханняў вы маглі б асабліва адзначыць?

Алена Танкачова: На слуханнях прысутнічаў дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс — еўрадэпутат, які быў засяроджаны апошнім часам на падрыхтоўцы спецыяльнага дакладу па сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. Ён меў магчымасць рэагаваць на нашы ацэнкі і нашы выступы. Дарэчы, там быў распаўсюджаны пісьмовы дакумент, падрыхтаваны Цэнтрам прававой трансфармацыі ў адказ на праект дакумента спадара Палецкіса.

Еўрарадыё: Чым былі адметныя гэтыя слуханні?

Алена Танкачова: Мы звярнулі ўвагу на тое, што ацэнкі еўрапейскіх экспертаў сённяшняй сітуацыі з правамі чалавека не могуць базавацца на параўнанні са снежнем 2010 года. На падставе такіх параўнанняў нельга казаць пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Больш за тое, спадар Палецкіс прызнаўся, што ўжо атрымаў больш за 300 правак да свайго праекта даклада, і большасць з іх зараз апрацоўваецца. Ён упэўніў нас, што большасць заўваг, якія ён атрымаў ад праваабаронцаў, ужо ўлічаныя падчас працы над выніковым тэкстам дакумента. І праект выніковага тэксту таксама будзе нам прадстаўлены — каб беларускія праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці маглі выказаць наконт яго сваё меркаванне.

Мы ж звярталі ўвагу на тое, што Камітэту па правах чалавека трэба знаходзіцца ў большай камунікацыі са спецдакладчыкам ААН па Беларусі спадаром Харашці. Нам падаецца, што ён ў стане ажыццяўляць якасны маніторынг за зменамі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. І гэта патрабуе дадатковых камунікацый еўраструктур з гэтым дакладчыкам. Апроч таго, мы прасілі Камітэт звярнуць увагу на тое, што дакладчыкі па катаваннях, адвольных затрыманнях, сродках масавай інфармацыі і свабодзе асацыяцый, а таксама дакладчыкі па пытаннях праваабаронцаў сістэмы ААН зрабілі запыты наконт магчымасці наведаць Беларусь, але да сённяшняга дня беларускі ўрад працэдуру запрашэння не атрымаў. І адзначылі, што пытанне палітвязняў з’яўляецца перадумовай бягучага перыяду — на наш погляд, па гэтым пытанні павінна быць вельмі дакладнае дзеянне беларускага ўраду, пасля чаго могуць быць уключаныя еўрапейскія інструменты ўзаемадзеяння.

Еўрарадыё: Дык ці адбывалася ў вас спрэчка з Палецкісам: можа вы крытыкавалі асобныя пункты яго даклада, а ён іх адстойваў?

Алена Танкачова: Нашы кантакты з Палецкісам ужо, так бы мовіць, маюць прыкметы завершанасці. Свае заўвагі па яго дакладзе мы паспелі выказаць да таго, як Палецкіс афіцыйна яго прадставіў. Нашы заўвагі былі пачутыя, і тыя два аспекты, на якіх мы настойвалі, у дакладзе мелі публічную рэакцыю. І сёння ў нас няма падстаў для нейкай дыскусіі з ім. Будзем працягваць супрацоўніцтва з Палецкісам тады, калі будзе завершаная праца над выніковай рэдакцыяй яго дакладу. Не выключаю, што ў нас з’явяцца дадатковыя заўвагі.

Еўрарадыё: Апошнім часам на мерапрыемствы такога кшталту любяць запрашаць прадстаўнікоў беларускай улады…

Алена Танкачова: Не, гэтым разам былі толькі я і Уладзімір Лабковіч, які прадстаўляў “Вясну”.

Еўрарадыё: Якога выніку чакаць ад сённяшніх слуханняў у Еўрапарламенце?

Алена Танкачова: Ужо тое, што Беларусь знаходзіцца ў парадку дня Еўрапарламента, важна. Найперш таму, што набліжаецца саміт “Усходняга партнёрства”. Напярэдадні гэтага саміту мы хочам, каб еўрапейская палітыка ў адносінах да Беларусі базавалася на ацэнцы рэальных зменаў у нашай краіне сітуацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі.

 

Зміцер Лукашук, Euroradio