14.08.2013
7345ecf178a1d1dd61a614edc6f6a0df

«Мірзоеў зрабіў болей, чым уся апазіцыя за апошні год»

Справа Руслана Мірзоева ўнікальная для Беларусі — упершыню да арышту асуджаны чалавек за выказванне ў інтэрнэце, зробленае ў форме аматарскага відэа.

Асуджаны па артыкуле 17.1 КаАП, які даўно ўжо выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Прычым у яго выпадку пракуратура нечакана прызнала, што сапраўднай прычынай была зусім не лаянка.  «Новы Час» папрасіў вядомых блогераў пракаментаваць гэты прэцэдэнт.

Бо Руслан Мірзоеў пацярпеў менавіта ў якасці блогера, атрымаўшы за сваё асабістае меркаванне і бачанне рэчаіснасці тыднёвую «пуцёўку» на Акрэсціна.

Дар’я Каткоўская, юрыст:

У рамках сваей прафесійнай юрыдычнай дзейнасці як эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend” я ўважліва манітору ўсе працэсы, звязаныя са свабодай і адказнасцю ў беларускім сеціве, і магу сказаць, што ў 2013 г. сітуацыя стала мяняцца — праваахоўныя органы сталі часьцей высочваць і прыцягваць да адказнасьці менавіта за он-лайнавую дзейнасьць.

Так, напрыклад, калі па артыкуле 22.16 за парушэнне Указа №60 па афіцыйных дадзеных у 2012 годзе было складзена ўсяго некалькі пратаколаў і ў дачыненьні да правайдэраў, то ўжо ў 2013 годзе можна было назіраць тэндэнцыю па прыцягненьні да адказнасьці, напрыклад, па арт. 22.34 за ўдзел у масавым мерапрыемстве на падставе здымкаў у сацыяльных сетках, так былі прыцягнуты да адказнасьці актывісты Малашонак, Парчынскі, Хільмановіч і Юргель.

Таксама з прававога боку цікавы нядаўні кейс па абразе прадстаўнікоў улады ў каментарах на сайце tut.by з прысуджаным  штрафам па двух адміністрацыйных справах у памеры аж 10 мільёнаў рублеў. Пры гэтым, калі юрыст  гэтага ж парталу звяртаўся пару месяцаў таму з заяўленнем аб прыцягненні каментатара да адказнасці за распальванне нацыянальнай нянавісці па факце змяшчэння шматлікіх абразлівых і антысеміцкіх выказванняў на сайце, ува ўзбуджэнні адміністрацыйнай справы было адмоўлена. Прымячальна, што каментатарам быў супрацоўнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ.

Калі раней на актывістаў аказваліся “неправавыя” метады ўціску — як выкраданьне пароляў, блакіроўка груп, то ў дадзеным выпадку паказальным з’яўляецца і той факт, што хлопца не прыпугнулі такім чынам, а менавіта прыцягнулі да адказнасці, прычым па яскрава палітычным артыкуле КаАП — дробнае хуліганства.

І выбар “ахвяры” мне падаецца таксама невыпадковым, бо збольшага актывісты, апазіцыйныя ці сеціўныя, часта лічацца маргіналамі, а вось суб’ект, які з’яўляецца з непалітычнага полю, і мэтай якога з’яўляецца паказаць менавіта правалы дзяржаўнай палітыкі на самым базавым сацыяльным, побытавым узроўні, прычым той мовай і тымі сучаснымі папулярнымі сярод моладзі метадамі як вясёлы вірусны ролік — вось менавіта тут дзяржаўная машына абсалютна заканамерна пачынае адчуваць небяспеку. І такія захады — фактычны сігнал блогерам, што нават улязанне ў сацыяльную, побытавую тэму можа быць небяспечным і ёсць механізмамі кантроля і запалохваньня надта актыўных.

Заўважальна, што таксама ў прапагандысцкіх мэтах быў негатыўна выкарыстаны вобраз хлопца Руслана Мірзоева: у рэпартажы АНТ яскрава  і ў непрыемнай манеры падкрэсліваўся антысацыяльны характар яго дзейнасці — ранейшая судзімасць, сувязь з мясцовымі “нізамі”, уцягнутасць і дасведчанасць у праблемах наркаманіі, алкагалізма.

Дарэчы, мяркую, што заяўленне Мірзоева ў судзе аб тым, што здымкі былі пастановачнымі і ўдзельнікі несапраўднымі — метад прававой абароны, які ў дадзеным выпадку не дапамог пазбегнуць адказнасці. Такім жа чынам удзельнікі масавых мерапрыемстваў часта ў судзе заяўляюць аб тым, што ў акцыях не ўдзельнічалі, а проста “ішлі побач і трапіліся выпадкова”. Насамрэч, такія рэчы ў беларускіх судах не працуюць, і потым ствараюць цяжкасці для абскарджвання судовых рашэнняў, у тым ліку і на міжнародным узроўні. Я думаю, што калі чалавек асэнсавана рэалізуе сваё права, гарантаванае артыкулам 34 Канстытуцыі, на збор і распаўсюд інфармацыі, то варта трымацца свайго права да канца.

Шчыра спадзяюся, што гэтыя меры не паўплываюць на далейшыя планы Руслана, бо стварэнне кароткіх і змястоўных урбаністычных ролікаў на злобадзённую тэматыку, накіраваных на аўдыторыю фактычна шырэйшую, чым звычайныя “палітычныя” кластэры ў сацыяльных сетках, гэта безумоўна новы цікавы трэнд і пакуль што незанятая ніша беларускага сеціва. Магчыма, варта “запіківаць” ненарматыўную лексіку, калі яна з’яўляецца ў відэа, каб пазбегнуць фармальных падстаў для прыцягнення да адказнасці.

Што тычыцца салідарнасьці з хлопцам, я думаю, што харошая ідэя гэта сустрэць яго з сутак,  а таксама даць зразумець, што тое, што ён ствараў было цікава і запатрабавана ў сеціве, бо любога чалавека матывуе, калі ягоная дзейнасьць лічыцца не марнатраўнай, важнай, чаканай».

Севярын Квяткоўскі, літаратар і журналіст, мэнэджэр культурных праектаў:

«Камерцыйная ініцыятыва з віруснымі ролікамі спатыкнулася аб уласную фармулёўку Руслана, які сказаў у адным з інтэрв’ю, што «трэба зняць гэтыя ружовыя акуляры, якія нам дэманструюць на дзяржаўных каналах, і паказаць сапраўднае жыццё ў спальных раёнах». Каб не апазіцыя да афіцыйнай пазіцыі, афіцыйныя б не замітусіліся, на мой погляд».

Андрэй Стрыжак, лідар моладзевай сеткі прафсаюза РЭП:

«У апошні час улада ўсё больш спрабуе кантраляваць тое, што адбываецца ў інтэрнэце. Асабліва ў тых выпадках, калі гаворка непасрэдна заходзіць аб захаванні “гонару мундзіра” ці дзяржаўнага вобразу ўлады. Штраф за абразу работніка міліцыі, які атрымаў Андрэй Карэлін і адміністрацыйны арышт Мірзоева, гэта сігнал для ўсіх інтэрнэт-каментатараў — сачыце за сваімі словамі і дзеяннямі не толькі ў рэальным жыцці, але і ў віртуальным.

Нічога дрэннага ў гэтым няма, але вось толькі шкада, што самі “кантралёры” і іх падапечныя не заўсёды выконваюць свае “запаведзі”. Можна ўспомніць хаця б выпадак судовага разбору брэсцкай журналісткі Міланы Харытонавай, якая (пакуль безвынікова) спрабуе прыцягнуць да адказнасці каментатара, які яе абразіў — супрацоўніка дзяржгазеты».

Віктар Марціновіч, намеснік галоўнага рэдактара «Белгазеты», пісьменнік:
 

«Ну, мне здаецца, што асуджэнне Руслана — глабальнае глупства. Я не буду зараз чапаць юрыдычны аспект, усі гэтыя гранічна дзіўныя фармулёўкі пра “а насамрэч не за гэта”, а таксама таго, ці можна ў прынцыпе чалавека караць за мат у інтэрнэце, дзе мацюкаюцца ўсё. Па факце мы маем адміністрацыйны арышт на 7 сутак для чалавека, які імкліва становіцца інтэрнэт-зоркай.

Ці зменшыць гэта яму папулярнасць? Відавочна, не! Ці стане ён яшчэ больш вядомым? Відавочна, так! Ужо стаў! Адпаведна, цікава назіраць, як з звычайнага хлопца рукамі суддзяў і міліцыі кляпаюць Навальнага. Прычым хацеў бы адзначыць, што рэпартажы Руслана з Автаза зрабілі больш, чым уся апазіцыйная актыўнасць апошняга года — а менавіта раскрылі вочы мас (менавіта мас) на тое, што адбываецца за сценамі стабільнасці».

Яўген Ліпковіч, грамадскі актывіст і «медыяскандаліст»:

«Прэцэдэнтная справа, дарэчы. Судзілі аўтара мастацкага твора за яго змест. У нас ужо абвясцілі экстрэмісцкімі дакументальныя фатаграфіі, цяпер вось гэта. Пастановачныя ролікі, якія змяшчаюць абсцэнную лексіку. А калі б дзяржаўная мова была толькі адна, беларуская, гэтай справы наогул бы не было».

Віктар Малішэўскі, журналіст:

«Звычайная справа — дзяржава самаабараняецца, цяпер і ў інтэрнэце. Самаабараняецца яна як умее, а наша дзяржава ўмее вось так — з дапамогай Артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы. Даўно ўжо пісаў, што праваабаронцам і Еўропе трэба змагацца не за абстрактную дэмакратыю ў нашай краіне, а канкрэтна супраць гэтага вось Артыкула 17.1.

Калі б у Кодэксе не было такога Артыкула, на судзе пракурору давялося б даказваць незразумела што. Магчыма, даказваць факт дыскрэдытацыі Курасоўшчыны, што гучыць неяк… дзёрзка. Я не думаю, што гэта новы трэнд або новы кейс. Проста ад абывацеля дзяржава абараняецца з дапамогай дробнага хуліганства (артыкул 17.1). Ад палітыка — з дапамогай Крымінальнага кодэску. Кожнаму апаненту свой узровень».

Пётр Кузняцоў, палітык:
 
«Можна ўспомніць падобную сітуацыю. У 2011 годзе, у разгар «маўклівых акцый», у Гомелі здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак. Малады чалавек, Руслан Усціменка, нічым асабліва не вылучаўся і ніколі раней (і пазней таксама) у палітычнай актыўнасці не замяшаны, атрымаў два разы запар па 15 сутак, правёўшы ў выніку за кратамі цэлы месяц. І да яго, і пасля яго, гэтак «ганараваўся» толькі Павел Севярынец. Але фігуры па маштабе яўна непараўнальныя.

У беларускіх спецслужбаў ёсць у арсенале такі прыём: дэманстратыўна ўжываць да каго-небудзь меры ўздзеяння, неадэкватныя здейсненым учынкам. «Каб іншым непанадна было». Калі б улада прапусціла выпадак з Мірзоевым, гэта азначала б, што любы працоўны можа на тэлефон здымаць выварат беларускай «прамысловасці».
Між тым, на любым беларускім заводзе, можа, за выключэннем Белкалія, сітуацыя катастрафічная і з вытворчым фондам, і з якасцю чалавечага рэсурсу, і з узаемаадносінамі ў працоўным калектыве. Я быў ўнутры некаторых гомельскіх заводаў, там сітуацыя — як пасля ядзернай вайны. Калі такія карцінкі стануць масава з’яўляцца ў інтэрнэце, то наступяць кранты не толькі міфу пра беларускі эканамічны цуд, наступяць кранты у тым ліку і міфу аб тым, што ў гэтай краіне яшчэ ёсць што прыватызаваць. А гэта ўжо куды горш, таму што будзе дэманстраваць поўнае банкруцтва.

Думаю, па тэлебачанні Мірзоева паказалі дзеля таго, каб гісторыя атрымала як мага большы рэзананс. З аднаго боку, так, у кароткатэрміновай перспектыве гэта можа пашкодзіць іміджу уладаў (хаця куды больш?). з другога боку яны, упэўнены, менавіта гэтага і дамагаюцца: каб усе паглядзелі, падумалі: «А ці хачу я на суткі?» і пахавалі свае мабільныя тэлефоны…»

Анатоль Матвеенка, Аргамітэт Свабоднага Міжпрафесійнага Аб’яднання Працоўных:

«Выдатны хлопец, творчы і неабыякавы, за такімі будучыня. Шкада толькі, што ён, я думаю, з’едзе з Беларусі. Руслана асудзілі за яго грамадзянскую пазіцыю, а гэта абсурд».
Павел Вінаградаў, лідар моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» — «Змена»:

«Я думаю, што фармальна там было за што судзіць. Матам на вуліцы лаяўся? Лаяўся. Вось толькі ці варта было — не зразумела. Я ўжо бачу як гэта было: які-небудзь высокі чыноўнік-ідэолаг ўбачыў “Хронікі раёна” і неверагодна абурыўся. Выказаў сваё абурэнне начальству ГУУС. На якой-небудзь планёрцы гэта абмяркоўвалі і прызначылі адказнага.

Адказны спусціў ўказанні да начальніка РУУС. Той у сваю чаргу перадаў гэта адказнаму за грамадскі парадак. Далей падначаленыя гэтага чалавека паехалі шукаць Мірзоева. Потым канваіравалі яго ў суд. У судзе з ім працавалі суддзя з сакратаром, ды яшчэ і здымачная група дзяржаўнага тэлеканала. Потым яго канваіравалі ў ІЧУ і там яго тыдзень будуць ахоўваць людзі. Усе гэтыя дзеянні ЗА нашы грошы. Я — супраць. Да таго ж “Хронікі раёна” мне спадабаліся».

Дзмітры Ісаёнак, палітолаг, адзін з стваральнікаў часопіса сацыяльнай крытыкі «Прасвет»:

«Мне здаецца, што гэтая праблема не столькі палітычная, колькі культуралагічная, калі не сказаць фармацыйная. Такі мілы, дрымучы патрыярхат — «кожны цвыркун хай ведае свой прыпек» і «не спашяйся паперад бацькі ў пекла». Вось ёсць у нас «дзеячы культуры» — яны здымаюць ролікі, а рабочыя ў нас працуюць і ціха ядуць, а тыя, хто хоча выскачыць за межы схемы — хуліганы, іх караюць.

Хлопец не рабіў палітычных выказванняў і ні выкрываў нічога, аб чым бы ўсе не ведалі. Ён, як гэта цяпер модна казаць,  «рабіў з цытрыны ліманад» — канвертаваў смяротную нуду на працоўным месцы ў сеткавую папулярнасць. І ў яго, у нейкай ступені, атрымалася. Ну і ўключыліся ўсе гэтыя правінцыйныя фобіі -—а што ж гэта будзе, калі кожны? …

Наогул жа нічога не было б. У савецкі час пры буйных прадпрыемствах, напрыклад, існавалі адмысловыя клубы, якія папулярызавалі аматарскія кіназдымкі сярод працоўных, вучылі, падавалі матэрыялы і г.д. Даволі масавае было захапленне ў 60-70-я. І неба на зямлю не падала. Цяпер гэта хуліганства?.. Здзічэлі-с».

Дзмітры Галко,Новы Час