Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў запрашаюць на сэмінар “Рэгістрацыя і фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў: прававое рэгуляваньне“, які адбудзецца ў Гародні 20 кастрычніка (нядзеля).
Сэмінар складаецца з двух блокаў, на першы з якіх мы запрашаем прадстаўнікоў ініцыятыў па стварэньні новых арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, на другі – прадстаўнікоў як незарэгістраваных ініцыятыў, так і зарэгістраваных арганізацый. Удзельнікі могуць прыняць удзел у адным ці ў абодвух блоках.
У першым тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў.
У межах гэтай часткі сэмінару будуць асобна абмеркаваныя тыя зьмены, якія прадугледжаныя да ўнясеньня ў закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” згодна з законапраектам, якія сёлета распрацоўваецца ў Міністэрстве юстыцыі.
У другім тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя пытаньні прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некамэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: віды фінансавых паступленьняў паводле заканадаўства; прадпрымальніцкая дзейнасьць НКА; афармленьне ахвяраваньняў ад грамадзянаў; бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асобаў; атрыманьне замежнага фінансаваньня.
Напрыканцы сэмінару ўдзельнікі атрымаюць магчымасьць індывідуальных кансультацыяў па канкрэтных пытаньнях, зьвязаных са стварэньнем новых НКА альбо з прававым забесьпячэньнем фінансаваньня грамадзкай дзейнасьці і НКА.
Удзельнікі сэмінару-кансультацыі атрымаюць асобнікі выданняў, што былі выпушчаныя ў межах “Прававой бібліятэкі НКА”.
Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве па адным прадстаўніку ад адной арганізацыі з Гародні і Гарадзенскай вобласьці. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару. Заяўнікі з іншых рэгіёнаў могуць быць уключаныя ў склад удзельнікаў пры наяўнасьці выразнай матывацыі і адлюстраванні ў заяўцы патрэбы ў канкрэтнай дапамозе.
Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 20 кастрычніка, пачатак а 12:00, працягласьць да шасьці гадзінаў. Пра месца правядзеньня і падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.
Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы.
Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары: 17 кастрычніка (чацьвер), 19:00. Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства 18 кастрычніка (пятніца).