ВЫПУШЧАНЫ АГЛЯД СВАБОДЫ АСАЦЫЯЦЫЯЎ У БЕЛАРУСІ

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend i Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў падрыхтавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2015 год. У дакуменце даецца аналіз развіцьця заканадаўства у сфэры некамерцыйнага права ў мінулым годзе, акрэсленыя асноўныя абмежаваньні, з якімі сутыкаюцца некамерцыйныя арганізацыі (НКА), прадстаўленыя статыстыка па рэгістрацыі новых НКА і агляд практыкі адмоваў у рэгістрацыі.

У 2015 годзе асноўныя заканадаўчыя зьмены, якія закранаюць інтарэсы НКА, тычыліся прававога рэгуляваньня атрыманьня замежнага фінансаваньня. Пры гэтым аўтары агляду падкрэсліваюць, што ў цэлым засталіся без зьменаў усе ранейшыя прававыя абмежаваньні і правапрымяняльная практыка па ўсіх аспэктах стварэньня і дзейнасьці НКА.

Дэкрэт прэзідэнта №5 ад 31 жніўня 2015 года «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе«, які ўступае ў сілу неўзабаве з 4 сакавіка 2016 года, у цэлым пакінуў ранейшы парадак атрыманьня замежных ахвяраваньняў, які вымагае іх абавязковай папярэдняй рэгістрацыі, захавалася і крымінальная адказнасць за парушэньне гэтага парадку. У 2015 годзе адбылося зьмяненьне прававога рэгуляваньня і іншага віду замежнага фінансаваньня – міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У гэтай частцы працэдура таксама засталася ранейшай, хоць і былі зьнятыя некаторыя бюракратычныя бар’еры. У Беларусі створаны Цэнтар міжнароднай тэхнічнай дапамогі Эўрапэйскага Саюза, а таксама прадугледжанае стварэньне Каардынацыйнага савету пры камісіі па пытаньнях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, донараў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, няўрадавага сектара. Рэформа падатковага заканадаўства пакінула ў сіле выбарачны падыход, калі Падатковы кодэкс называе пайменна тыя НКА, ахвяраваньні для якіх выключаюцца для беларускіх донараў з іх падаткаабкладальнай базы (пералік такіх НКА у кодэксе быў пашыраны нязначна).

Агляд адзначае, што прыняцьцё гэтых заканадаўчых новаўвядзеньняў адбылося без сапраўднага абмеркаваньня з зацікаўленымі суб’ектамі: працэс камунікацыі дзяржаўных органаў і заканадаўцаў з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці па пытаньнях рэфармаваньня заканадаўства, што закранае іх дзейнасьць, часьцей за ўсё адбываецца ў аднабаковым фармаце, прапановы зацікаўленых НКА разглядаюцца фармальна і не ўлічваюцца ў поўнай меры.

Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, партый, фондаў застаецца складаным і пакідае прастору для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі любой новастворанай арганізацыі па малазначных падставах. Органы юстыцыі адмаўлялі ў рэгістрацыі шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў, якія цягам 2015 года падавалі дакументы для рэгістрацыі.

Захоўваецца забарона на дзейнасць НКА без дзяржаўнай рэгістрацыі, за якую прадугледжаная крымінальная адказнасць па артыкуле 1931 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакараньне да двух гадоў пазбаўленьня волі. Нягледзячы на адсутнасць новых крымінальных справаў па гэтым артыкуле, сама наяўнасць забароны і пагроза пакараньня істотна абмяжоўвае свабоду асацыяцый і магчымасці для дзейнасці арганізацыяяў грамадзянскай супольнасьці.

Выпуск гадавых аглядаў свабоды асацыяцыяў і прававога стану некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі ажыцьцяўляецца Цэнтрам прававой трансфармацыі і Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў  штогадова ад 2007 года.