У Менску шукалі мэханізмы ўрэгуляваньня фінансаваньня грамадзкай дзейнасьці
29 сакавіка ў бізнэс-клюбе Imaguru адбыўся сэмінар “Фінансавая ўстойлівасьць арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці: міжнародны досьвед і пэрспэктывы для Беларусі”, арганізаваны Міжнародным цэнтрам некамэрцыйнага права і Цэнтрам прававой трансфармацыі. Удзел у мерапрыемстве ўзялі больш за 30 прадстаўнікоў беларускіх НКА. Зь якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія некамэрцыйныя арганізацыі ў пытаньнях фінансаваньня дзейнасьці, а таксама якія мэханізмы існуюць дзеля забесьпячэньня фінансавай устойлівасьці НКА?
У часе сэмінару ўдзельнікаў пазнаёмілі зь дзеючым беларускім заканадаўствам, а таксама замежным досьведам забесьпячэньня фінансавай устойлівасьці НКА і з існуючымі мэханізмамі дзяржаўнага фінансаваньня. У часе мерапрыемства абмяркоўваліся магчымыя варыянты ўкараненьня новых мэханізмаў фінансаваньня НКА ў Беларусі, у тым ліку шляхам заканадаўчага замацаваньня розных відаў дзяржаўнай падтрымкі структураў грамадзянскай супольнасьці.
У дакладзе віцэ-прэзыдэнта Міжнароднага цэнтру некамэрцыйнага права Натальлі Барджэлі быў дадзены агляд існуючых у сьвеце мадэляў і мэханізмаў фінансаваньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, якія ствараюць разнастайнасьць крыніц паступленьня матэрыяльных сродкаў для структураў грамадзянскай супольнасьці і замацоўваюць іх фінансавую ўстойлівасьць.
Прадстаўнік міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “АКТ” Валер Журакоўскі паведаміў пра досьвед лабіраваньня ўвядзеньня ў беларускае заканадаўства мэханізма дзяржаўнай сацыяльнай замовы, а таксама прадставіў агляд бягучай практыкі рэалізацыі гэтага новага мэханізму ў Беларусі. А Натальля Барджэлі ў гэтым тэматычным блёку распавяла пра досьвед Міжнароднага цэнтру некамэрцыйнага права ў галіне прасоўваньня і лабіяваньня пазытыўных заканадаўчых зьменаў у постсавецкіх краінах.

Экспэрт дабрачыннага “Фонду Тальяцці” Барыс Цырульнікаў падзяліўся досьведам расейскіх арганізацыяў у галіне фандрайзінгу і забесьпячэньня гарманічнага й устойлівага фінансаваньня грамадзкай дзейнасьці праз дывэрсыфікацыю крыніц і практыкаў пошуку матэрыяльнай падтрымкі.
Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка прадставіла агляд беларускага заканадаўства і практыкі па пытаньнях гаспадарчай і іншай фінансавай дзейнасьці НКА, у тым ліку пазначыўшы асноўныя праблемы і прававыя перашкоды, зь якімі арганізацыі сутыкаюцца ў гэтай сфэры.

Удзельнікі сэмінару агучылі тыя праблемы ў галіне забесьпячэньня фінансавай устойлівасьці, зь якімі сутыкаюцца іх уласныя арганізацыі. Так, у ліку найбольш істотных прадстаўнікі НКА адзначылі:
— скарачэньне ўскоснай дзяржаўнай падтрымкі пры арэндзе памяшканьняў,
— складаны парадак рэгістрацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі і замежнай тэхнічнай дапамогі (а таксама шэраг іншых аспэктаў гэтай працэдуры, у тым ліку аднясеньне ананімных ахвяраваньняў да замежнай бязвыплатнай дапамогі),
— забарона на прадпрымальніцкую дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў без утварэньня асобнай камэрцыйнай юрыдычнай асобы,
— абмежавальны характар парадку прадстаўленьня спонсарскай дапамогі ад беларускіх суб’ектаў гаспадараньня і адсутнасьць падатковых ільготаў для ўнутраных ахвярадаўцаў,
— неўрэгуляванасьць дзейнасьці ў галіне сацыяльнага прадпрымальніцтва.
Арганізатары сэмінара спадзяюцца, што вынікі дыскусіі нададуць новы імпульс удзелу некамэрцыйных арганізацыяў у прававых рэформах, накіраваных на зьмяненьне заканадаўства ў мэтах забесьпячэньня ўмоваў для атрыманьня арганізацыямі фінансаваньня з розных крыніц.