30.01.2019
Seminar_2

Сэмінар пра прававое рэгуляваньне рэгістрацыі і фінансаваньня НКА – 16 лютага

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў запрашаюць на сэмінар “Рэгістрацыя і фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў: прававое рэгуляваньне” , які адбудзецца ў Віцебску 16 лютага (субота) 2019 г.

Сэмінар складаецца з двух блокаў, на першы з якіх мы запрашаем прадстаўнікоў ініцыятыў па стварэньні новых арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, на другі – прадстаўнікоў як незарэгістраваных ініцыятыў, так і зарэгістраваных арганізацый. Удзельнікі могуць прыняць удзел у адным ці ў абодвух блоках.

У першым тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым скарыстацца кансультацыямі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі НКА.

У другім тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя пытаньні прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некакмэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: віды фінансавых паступленьняў паводле заканадаўства; прадпрымальніцкая дзейнасьць НКА; афармленьне ахвяраваньняў ад грамадзянаў; бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асобаў; атрыманьне замежнага фінансаваньня.

Напрыканцы сэмінару ўдзельнікі атрымаюць магчымасьць індывідуальных кансультацыяў па канкрэтных пытаньнях, зьвязаных са стварэньнем новых некамерцыйных арганізацыяў альбо з  прававым забесьпячэньнем фінансаваньня ўжо створаных арганізацыяў.

Удзельнікі сэмінару-кансультацыі атрымаюць асобнікі выданняў, што былі выпушчаныя Цэнтрам прававой трансфармацыі ў межах “Прававой бібліятэкі НКА”.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад адной арганізацыі з Віцебску і Віцебскай вобласьці. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару. Заяўнікі з іншых рэгіёнаў могуць быць уключаныя ў склад удзельнікаў пры наяўнасьці выразнай матывацыі і адлюстраванні ў заяўцы патрэбы ў канкрэтнай дапамозе.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 16 лютага, пачатак аб 11:00, працягласьць да шасьці гадзінаў. Пра месца правядзеньня і падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка.

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары: 13 лютага (серада), 15:00.

Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства 14 лютага (чацьвер) не пазьней за 12:00.