Сэмінар-кансультацыя па рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў у Віцебску

Асамблея НДА і Цэнтр прававой трансфармацыі запрашаюць на сэмінар-кансультацыю “Стварэньне і рэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў”, які адбудзецца ў Віцебску 22 сакавіка 2015 г.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі ініцыятыўных групаў зь Віцебску і Віцебскай вобласьці, якія маюць намер распачаць працу па рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай некамэрцыйнай арганізацыі.

Падчас сэмінару будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Адмысловая ўвага будзе нададзеная тым зьменам, якія адбыліся ў парадку стварэньня грамадзкіх аб’яднаньняў праз уступленьне ў сілу ў 2014 годзе паправак да закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, а таксама зьменам у прававым рэгуляваньні ўзгадненьня назваў некамэрцыйных арганізацыяў.

Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым атрымаць кансультацыі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў ды па іншых прававых пытаньнях дзейнасьці НКА.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 22 сакавіка ў Віцебску з 12:00 да 18:00.

Трэнэрамі на сэмінары будуць дасьведчаныя юрысты ў галіне беларускага некамэрцыйнага права: Юрый Чавусаў, юрысконсульт Асамблеі НДА, Вольга Смалянка, дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі ды іншыя экспэрты.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад кожнай зь ініцыятыўных групаў, што маюць намер рэгістраваць некамэрцыйную арганізацыю.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы.

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары-кансультацыі: 18 сакавіка 2015 г..