Сэмінар-кансультацыя па рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў

Цэнтр прававой трансфармацыі і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў запрашаюць на сэмінар-кансультацыю «Стварэньне і рэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў», які адбудзецца 17 траўня ў Менску.

Падчас сэмінару будуць разгледжаныя  асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам.

Адмысловая ўвага будзе нададзеная тым зьменам, якія адбыліся ў парадку стварэньня грамадзкіх аб’яднаньняў праз уступленьне у сілу ў лютым 2014 года паправак да закона «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях».

Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных  дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым атрымаць кансультацыі па падрыхтоўцы дакументаў для дзяржаўнай рэгістрацыі некамерцыйных арганізацыяў.

Трэнэрамі на сэмінары будуць дасьведчаныя юрысты ў галіне беларускага некамэрцыйнага права: Вольга Смалянка, дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі, Юрый Чавусаў, юрысконсульт Асамблеі НДА ды іншыя экспэрты.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі ініцыятыўных групаў з Менску і рэгіёнаў, якія маюць намер распачаць працу па рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай некамэрцыйнай арганізацыі. Арганізатары сэмінару будць радыя вітаць на мерапрыемстве не больш чым па адным прадстаўніку ад кожнай з ініцыятыўных групаў, што маюць намер рэгістраваць некамерцыйную арганізацыю.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 17 траўня ў Менску ў памяшканьні Цэнтра прававой трансфармацыі (вул. Нававіленская, 38-10, другі паверх).

Рэгістрацыя ўдзельнікаў – з 11:00, пачатак у 11:30.

Апошні тэрмін падачы заявак: 12:00 па менскім часе 14 траўня 2014 году.