ПРЭЗЭНТАЦЫЯ АГЛЯДУ ПРАВАВОГА СТАНОВІШЧА НДА І СВАБОДЫ АСАЦЫЯЦЫЯЎ

Центр прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблея НДА  запрашаюць на прэзэнтацыю штогадовага агляду прававога становішча некамэрцыйных арганізацыяў і свабоды асацыяцыяў у Беларусі.

Падобнага кшталту агляды складаюцца арганізатарамі ад 2007 году і зьмяшчаюць аналіз зьменаў прававых умоваў і праваўжывальнай практыкі рэгуляваньня структураў грамадзянскай супольнасьці ў краіне (рамкавыя ўмовы стварэньня і рэгістрацыі арганізацыяў, статыстыка прыросту колькасьці НКА і практыка адмоваў у рэгістрацыі, зьмяненьні ўмоваў афармленьня ўнутраных і зьнешніх фінансавых паступленьняў, заканадаўчыя абмежаваньні дзейнасьці арганізацыяў ды інш.).

Падчас прэзэнтацыі юрысты Вольга Смалянка і Юры Чавусаў дадуць ацэнку асноўным тэндэнцыям прававога рэгуляваньня і практыкі, якія назіраліся ў дачыненьні да няўрадавага сэктару цягам 2018 году і паспрабуюць даць прагноз разьвіцьця сытуацыі на бліжэйшую будучыню. Да ўдзелу ў імпрэзе запрашаюцца журналісты, праваабаронцы, прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама ўсе зацікаўленыя ў пытаньнях некамэрцыйнага права. Па заканчэньні прэзэнтацыі будзе нефармальны фуршэт.

Імпрэза пройдзе ў пятніцу 15 сакавіка а 16:30 у памяшканьні менскай пляцоўкі «Тэрыторыя правоў» (вул. Ложынская 16, памяшканьне 404, гл. плян даезду па спасылцы).