Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці сустрэліся з дэпутатам парламента

7 жніўня старшыня праўленьня Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова і юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі Юрый Чавусаў сустрэліся з прадстаўнікамі сталадзеючай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. З боку парламенту ў сустрэчы прымаў удзел дэпутат Валер Кокаш і прадстаўнік сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў.

Цягам сустрэчы былі абмеркаваныя пытаньні падрыхтоўкі да другога чытаньня праекта закона “Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях дзейнасьці палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”, які быў прыняты ў першым чытаньні 30 траўня 2013 года. Як чакаецца, другое чытаньне законапраекта адбудзецца цягам восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.

Нажаль, парламент не выказаў зацікаўленасьці правесьці напярэдадні другога чытаньня закнапраекта парламенцкія слуханьні па пытаньні ўдасканаленьня заканадаўства пра грамадзкія аб’яднаньні. Аднак сп. Кокаш заявіў пра адкрытасьць парламента да канкрэтных заўвагаў і прапановаў па тэксце законапраекта. Са сваяго боку прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці выказалі намер такія дадатковыя заўвагі і прапановы прадаставіць, а таксама запрасілі сябраў парламенцкай камісіі на грамадзкія слуханьні па законапраекце, якія мяркуецца правесьці напачатку кастрычніка.

Асобная ўвага ў часе сустрэчы была нададзеная пытаньню выкананьня Рэспублікай Беларусь сваіх абавязальніцтваў па правах чалавека ў межах Універсальнага перыядычнага агляду ААН. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці адзначылі неабходнасьць запрашэньня ў Беларусь спецыяльных дакладчыкаў і іншых мандатарыяў ААН, а таксама мэтазгоднасьць ратыфікацыі міжнародных канвенцыяў па правах чалавека і факультатыўных пратаколаў да іх.

Парламентар праінфармаваў сп. Танкачву і сп. Чавусава пра тое, што профільнай камісіяй па праекце закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе, які рыхтуецца,  вызначаная сталадзеючая камсіія Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы.

Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці выказалі пажаданьне, каб кансультацыі камісіі па правах чалавека з грамадзкасьцю набылі рэгулярны характар і не абмяжоўваліся разглядам пісьмовых прапановаў і прыёмаў наведвальнікаў. У прыватнасьці, добрай пляцоўкай для дыялогу маглі бы стаць сталыя нарады камісіі з прадстаўнікамі зацікаўленай грамадзянскай супольнасьці.