08.10.2020
seminar

Паўторны сэмінар-кансультацыя пра прававое рэгуляваньне рэгістрацыі і фінансаваньня НКА

Праведзены ў верасьні сэмінар пра актуальныя пытаньні заканадаўства датычна рэгістрацыі і фінансаваньня некамэрцыйных арганізацый выклікаў вялікую увагу беларускіх НКА.

Каб задаволіць попыт на кансультацыі па гэтых тэмах Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) i Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў ладзяць паўторны сэмінар-кансультацыю на тэму “Рэгістрацыя і фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў: новае ў прававым рэгуляваньні і практыцы”, які адбудзецца ў Менску 22 кастрычніка (чацьвер).

Сэмінар складаецца з двух блокаў, на першы з якіх мы запрашаем прадстаўнікоў ініцыятыў па стварэньні і рэгістрацыі новых арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, на другі – прадстаўнікоў як незарэгістраваных ініцыятыў, так і зарэгістраваных арганізацый.

Удзельнікі могуць прыняць удзел у адным ці ў абодвух блоках, зыходзячы са сваіх інтарэсаў.

У першым тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з заканадаўствам. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў. Асобна будуць прааналізаваныя праекты заканадаўчых зьменаў, якія рыхтуюцца і якія могуць істотна зьмяніць умовы для рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і ўстановаў.

У другім тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя пытаньні прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некамэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: віды фінансавых паступленьняў паводле заканадаўства; прадпрымальніцкая дзейнасьць НКА; афармленьне ахвяраваньняў ад грамадзянаў; бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асобаў; атрыманьне замежнага фінансаваньня ў выглядзе замежнай бязвыплатнай дапамогі ды інш. У гэтай частцы сэмінару будзе нададзеная асобная ўвага новаму дэкрэту №3 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які ўступіў у сілу 27 жніўня, а таксама прынятым у яго развіцьцё падзаконным актам.

Напрыканцы сэмінару ўдзельнікі атрымаюць магчымасьць індывідуальных кансультацыяў па канкрэтных пытаньнях, зьвязаных са стварэньнем новых НКА альбо з  прававым забесьпячэньнем фінансаваньня грамадзкай дзейнасьці і НКА.

Пры правядзеньні мерапрыемства будуць захоўвацца захады супрацьэпідэмічнай бясьпекі і сацыяльнага дыстанцыяваньня.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве па адным прадстаўніку ад адной арганізацыі. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 22 кастрычніка, пачатак аб 11:00, працягласьць да шасьці гадзінаў. Пра месца правядзеньня і падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы.

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары: 20 кастрычніка (аўторак), 12:00.

Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства ў аўторак 20 кастрычніка ўвечары.