16.09.2019
SI_2019

На нарадзе АБСЭ абмяркуюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні выбараў

У межах Нарады АБСЕ па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння, якая распачала працу ў Варшаве 16 верасьня і працягнецца два тыдні, заплянаваны шэраг беларускіх імпрэзаў.

Сярод іншага, на гэтай буйнейшай эўрапэйскай канфэрэнцыі па правах чалавека беларускія няўрадавыя арганізацыі 26 верасьня правядуць паралельнае мерапрыемства, прысьвечанае агляду становішча з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў.

Арганізатарамі дыскусіі “Грамадзянская супольнасць і правы чалавека  ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў” з’яўляецца Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі ў супрацы з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, Цэнтрам прававой трансфармацыі (Lawtrend) ды камітэтам “Салідарнасьць”. Як чакаецца, Спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі сп-ня Анаіс Марын далучыцца да гэтай дыскусіі.

Мерапрыемства адбудзецца 26 верасьня з 13:30 да 14:30 ў комплексе варшаўскага Нацыянальнага стадыёна, (PGE Narodowy), Aleja Poniatowskiego 1, GATE 1, 2-гі паверх.

У ходзе прэзентацыі прадстаўнікі беларускіх НДА ацэняць апошнія заканадаўчыя змены, якія тычацца свабоды сходаў, свабоды асацыяцыяў, барацьбы з прапагандай экстрэмізму, узмацненьнем датычных няўрадавых арганізацыяў захадаў па барацьбе з адмываньнем грошаў і фінансаваньнем тэрарызму, заплянаваныя ўрадам зьмены ў законы аб грамадзкіх аб’яднаньнях і палітычных партыях, а таксама змякчэнне адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў.

Ад імя ўнутранай кааліцыі па назіранні за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” будзе прадстаўлены агляд першых этапаў выбарчай кампаніі. Удзельнікі таксама выкладуць меркаванне адносна вынікаў Міжведамаснага плана рэалізацыі рэкамендацый, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь у рамках механізмаў ААН (вядомага як Нацыянальны план па правах чалавека), які ажыццяўляецца ўрадам Беларусі з лістапада 2016. Таксама будуць выказаныя ацэнкі адносна падрыхтоўкі да будучага трэцяга раўнду Універсальнага Перыядычнага Агляду па Беларусі, які заплянаваны на сэсіі Савета ААН па правах чалавека на травень 2020 году.

Беларускія НДА падчас гэтага паралельнага мерапрыемства прадставяць свежую маніторынгавую справаздачу “Змены ў прававым асяроддзі для НКА і свабода асацыяцыяў у Беларусі”, якая ахоплівае першую палову 2019 года.

Напярэдадні, на пляцоўцы АБСЭ адбудзецца іншая дыскусія па сытуацыі ў Беларусі, якую арганізуе Беларускі дом у Варшаве (пройдзе 23 верасьня у залі №3, пачатак а 8:15 раніцы). З поўным пералікам паралельных мерапыемстваў, што заплянаваныя сёлета на HDIM, можна азнаёміцца па спасылцы.

Нагадаем, Нарада па чалавечым вымярэнні (HDIM) дзяржаў-удзельніц АБСЕ  з’яўляецца найбуйнейшай канферэнцыяй па правах чалавека і дэмакратыі ў Еўропе. Яна арганізуецца кожны год Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) у якасці платформы для 57 дзяржаў-удзельніц АБСЕ, партнёраў АБСЕ па супрацоўніцтве, структур АБСЕ, грамадзянскай супольнасці, міжнародных арганізацый і іншых зацікаўленых суб’ектаў для кантролю за выкананнем абавязацельстваў АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння, абмеркавання звязаных з гэтым праблем, абмену перадавым вопытам і рэкамендацыямі па далейшым удасканаленні. У гэтым годзе HDIM пройдзе з 16 па 27 верасьня.