08.02.2021
CSO Meter 2020 update

CSO Meter: абнаўленьне па Беларусі за 2020 год

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблея НДА прадставілі абнаўленьне CSO Meter 2020 Belarus, у якім адлюстраваныя зьмены прававога асяродзьдзя для арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, што абыліся цягам 2020 года.

У гэтым дакладзе разглядаюцца падзеі і тэндэнцыі, якія істотна паўплывалі на ўмовы дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (АГС) у Беларусі за пэрыяд ад лістапада 2019 года па сьнежань 2020 года.

Гэтае абнаўленьне сталася вынікам аналізу заканадаўства і адвакацыйных дзеяньняў, кансультацыйнай працы партнэрскіх арганізацый, інтэрвію з лідэрамі АГС, а таксама вывучэньня маніторынгавых і дасьледчых матэрыялаў беларускіх АГС.

CSO Meter – гэта агляд асноўных паказчыкаў заканадаўства і практыкі, якія вызначаюць умовы для АГС, у тым ліку: свабода асацыяцыяў, раўнапраўе, доступ да фінансаваньня, свабода мірных сходаў, права на ўдзел у прыняцьці рашэньняў, свабода меркаваньняў, права на прыватнасьць, дзяржаўны абавязак абараняць грамадзянскую супольнасьць, дзяржаўная падтрымка АГС і супрацоўніцтва паміж АГС ды дзяржавай. CSO Meter быў распрацаваны пры падтрымцы Еўрапейскага цэнтра некамэрцыйнага права (ECNL) групай экспертаў з шасці краін Усходняга партнёрства.

Аўтары агляду канстатуюць пагаршэнне па 8 з 10 блокаў, якія падлягалі вывучэньню, і толькі у двух групаў індыкатараў істотных зьменаў не назіралася. Палепшэньняў і набліжэння да міжнародных стандартаў не назіралася ні ў адной з 10 галінаў вымярэньня.

Асноўнымі фактарамі, якія абумовілі ўсебаковыя негатыўныя зьмены па большасці індыкатараў былі наступныя:

  • Уплыў COVID-19 на грамадскае жыцьцё і эканоміку (уключаючы негатыўныя наступствы мераў, якія былі ўжытыя ўладамі ў адказ на COVID-19);
  • Драматычны выбух гвалту пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, калі дзяржава адказала на найбуйнейшыя ў найноўшай гісторыі Беларусі масавыя мірныя пратэсты шматлікімі палітычнымі рэпрэсіямі супраць палітычных апанентаў, удзельнікаў мірных пратэстаў, праваабаронцаў, назіральнікаў за выбарамі, журналістаў і некаторых лідэраў і актывістаў АГС.

Ключавая роля камунікацыйных тэхналёгіяў і пашырэньне Інтэрнэту, у якіх Беларусь з’яўляецца адным з лідэраў у рэгіёне , былі істотныя для абедзвюх гэтых фактараў. Новыя каналы сувязі садзейнічалі ўключэнню АГС у адказ на COVID-19 (асабліва праз выкарыстаньня платформаў для збору ахвяраваньняў). Акрамя таго, Інтэрнэт-камунікацыі  (у прыватнасьці, мэсэнджэр  Telegram) сталіся сродкам для мабілізацыі пратэстоўцаў пасьля прэзідэнцкіх выбараў. Улады адказалі на гэтую мабілізацыю практычна поўным блакаваньнем Інтэрнэту ў першыя дні пасьля выбараў, а потым і спарадычным умяшаннем у прыватнасьць асабістых дадзеных шляхам выяўленьня блогераў, падпісчыкаў і адміністратараў некаторых тэлеграм-каналаў.

У гэтым дакладзе без сумневу робіцца выснова, што зьнешнія ўмовы для дзейнасці АГС у Беларусі рэзка зьмяніліся ў горшы бок у 2020 годзе. Асабліва гэта тычыцца пытаньняў свабоды асацыяцыяў, доступу да фінансаваньня, свабоды мірных сходаў, свабоды выказваньня і абавязку дзяржавы абараняць правы і свабоды. У выніку масавых рэпрэсіяў і запалохваньня значная частка АГС страціла здольнасьць весьці сваю дзейнасьць і выконваць сваю місію. Некаторым АГС давялося цалкам альбо часткова спыніць сваю працу, выйсьці з цэлых накірункаў дзейнасьці па супрацоўніцтве з дзяржавай альбо перанесьці частку сваёй дзейнаьсці ў іншыя юрысдыкцыі з-за неспрыяльнай абстаноўкі альбо з-за пагрозы асабістай бясьпецы кіраўнікоў і супрацоўнікаў АГС.

Абнаўленне CSO Meter для Беларусі дапаўняе ранейшы разгорнуты агляд асяродзьдзя для грамадзянскай супольнасьці за 2019 год, які быў прадстаўлены ў першым выданьні дакладу CSO Meter Belarus за 2019 (даступныя вэрсіі на ангельскай, рускай і беларускай мовах) .

Даклад па Беларусі быў часткай падмурку для складаньня рэгіянальнага агляду 2020 года, які адлюстроўвае прававое асяродзьдзе і практыку дзейнасьці АГС ва ўсіх 6 краінах Усходняга партнэрства. У 2020 годзе метадалёгія CSO Meter была адкарэктаваная з улікам апошніх тэндэнцычяў і выклікаў, з асаблівай увагай да надзвычайных захадаў, якія абмяжоўваюць фундамэнтальныя свабоды.

Усе шэсьць абнаўленьняў па краінах і рэгіянальныя агляды можна загрузіць з вэб-сайта CSO Meter: https://csometer.info/

Для азнаямленьня з міжнароднымі стандартамі датычна асяродзьдзя АГС зьвяртайцеся да тлумачальнай нататкі па метадалёгіі CSO Meter.