BY-study-visit-610x463

Беларускія юрысты азнаёміліся з эўрапейскімі стандартамі свабоды асацыяцыяў

Напрыканцы кастрычніка група юрыстаў зь беларускіх няўрадавых арганізацыяў зьдзейсьніла азнаямленчы візыт “Спрыяльнае прававое асяродзьдзе для грамадзкіх арганізацыяў: эўрапейскія практыкі” у Вугоршчыну і Літву.

Паездку арганізавалі Асамблея НДА Беларусі і Цэнтар прававой трансфармацыі ў партнэрстве з Эўрапейскім цэнтрам некамэрцыйнага права ў Будапэшце і Інстытутам права некамэрцыйных арганізацыяў у Вільні.

Праграма візыту была сканцэнтраваная на такіх складніках спрыяльнага прававога асяродзьдзя для агранізацыяў грамадзянскай супольнасьці (АГС) як рэгулятыўныя рамкі для рэгістрацыі і дзейнасьці АГС, адносіны дзяржавы і АГС, фінансавая ўстойлівасьць арганізацыяў.

Першая частка адукацыйнага візыту праходзіла ў Будапэшце, дзе ўдзельнікі стажыроўкі даведаліся як свабода аб’яднаньняў рэалізуецца на практыцы ў Вугоршчыне, змаглі “падгледзець” некаторыя аспэкты, якія могуць быць скарыстаныя для паляпшэньня ўмоваў дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў у Беларусі. У часе візыту прадстаўнікі Эўрапейскага Цэнтру Некамэрцыйнага Права (ECNL) расказалі якім чынам можна наладжваць камунікацыю зь дзяржаўнымі ворганамі, прэзэнтуючы юрыстам зь Беларусі асноўныя мадэлі супрацоўніцтва паміж дзяржавай і АГС у Эўропе.

У прыватнасьці, вялікую цікаўнасьць удзельнікаў візыту выклікалі механізмы дзяржаўнага фінансаваньня АГС, а таксама практыка падаткавых адсоткавых адлічэньняў (калі 1% са сваіх падаткаў падаткаплатнік можа пералічыць на карысьць канкрэтнай АГС). З аналітычным аглядам ECNL на гэту тэму можна азнаёміцца па спасылцы.

Беларуская дэлегацыя мела сустрэчы з прадстаўнікамі офісу па правах чалавека ў Цэнтральна-Эўрапейскім унівэрсытэце, з Прававой Ініцыятывай Інстытута Адкрытага Грамадзтва, зь юрыстамі-практыкамі і прадстаўнікамі вугорскіх НДА, якія распавялі пра свой досьвед умацаваньня грамадзянскай супольнасьці і прыцягваньня грашовых сродкаў.

Юрысты беларускіх НДА у межах адукацыйнага візыту наведалі Некамэрцыйны Інфармацыйны і Навучальны Цэнтар (NIOK) і вядучую вугорскую НДА, якая прадстаўляе інтарэсы сацыяльна неабароненых групаў – Вугорскі Саюз Грамадзянскіх Свабодаў (TASZ).

Наведалі беларусы і горад Сэнт-Андрэ на ўзьбярэжжы Дунаю, дзе ў 2009 годзе мясцовы ўрад прыняў пастанову аб межах супрацоўніцтва, шляхах падтрымкі і фінансаваньня зь мясцовага бюджэту для АГС, а таксама аб стварэньні грамадзкіх саветаў для супрацоўніцтва, абмену інфармацыяй і ўдзелу грамадзкасьці на мясцовым ўзроўні. Цікава, што мясцовы савет па разьвіцьці фізкультуры і спорту мае трывалыя сувязі зь беларускімі спартовымі аб’яднаньнямі, некаторыя зь якіх карыстаюцца юрыдычнай падтрымкай з боку юрыстаў-удзельнікаў азнаямленчага візыту.

Другая частка азнаямленчага візыту “Спрыяльнае прававое асяродзьдзе для грамадзкіх арганізацыяў: эўрапейскія практыкі” адбывалася ў Вільні, дзе ўдзельнікі мелі магчымасьць абмеркаваць з практыкуючымі літоўскімі юрыстамі магчымасьці рэгістрацыі і дзейнасьці ў Літве беларускіх НДА. Акрамя гэтага прадстаўнікі беларускіх НДА наведалі Інстытут права некамэрцыйных арганізацыяў і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага.

Асаблівая ўвага гэтай часткі візыту была сканцэнтраваная на пытаньнях узаемадзеяньня дзяржаўных ворганаў і НДА. Пасьля нядаўняга прыняцьця ў Літве закону “Аб разьвіцьці АГС”, улады і муніцыпалітэты павінны стварыць Грамадзкія саветы. Удзельнікі візыту абмеркавалі гэтую тэму з чыноўнікамі Міністэрства сацыяльных справаў і працы, якія адказныя за сувязі з грамадзянскай супольнасьцю.

У візыце ўзялі ўдзел 8 юрыстаў з рознаплянавых па сваёй дзейнасьці беларускіх НДА, у тым ліку прадстаўнікі Асамблеі НДА Беларусі, Цэнтру прававой трансфармацыі, суполкі “Зялёная сетка”, Праваабарончага Цэнтру “Вясна” ды іншых праваабарончых і сацыяльных арганізацыяў.

Як адзначыла ўдзельніца візыту юрыстка Наста Лойка, рознабаковы досьвед удзельнікаў даў магчымасьць шмат якія ідэі пераняць для свайго напрамку, профіля. Сяргей Магонаў, юрыст суполкі “Зялёная сетка”, дадаў, што пасродкам інтэрнэту, форумаў ды рассылак ніколі не даведаешся пра той агромністы досьвед, які маюць калегі, які раскрываецца найлепш пры спатканьні ўжывую і сумеснай працы.

Юрысконсульт Асамблеі НДА Юрый Чавусаў падкрэсліў важнасьць параўнаньня заканадаўчага рэгуляваньня розных краінаў з праваўжывальнай практыкай: “У часе гэтага візыту мы мелі магчымасьць ня толькі даведацца пра юрыдычныя нормы, але і распытаць самі няўрадавыя арганізацыі пра выкарыстаньне гэтых нормаў на практыцы. Вельмі цікавым было параўнаньне таго, як аналягічныя мэханізмы рэгуляваньня дзейнасьці АГС працуюць у Вугоршчыне і Літве. Вельмі карыснай была сустрэча зь юрыстамі сайту www.ngoin.lt якія распавялі пра практычныя аспэкты дзейнасьці беларускіх арганізацыяў, зарэгістраваных у Вільні”.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі