30.03.2021
семинар_сайт (1)

Анлайн-сэмінар пра рэгістрацыю і фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў  запрашаюць на інтэрактыўны сэмінар “Рэгістрацыя і фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў: прававое рэгуляваньне і практыка”, які пройдзе 8 красавіка (чацьвер). Сэмінар ладзіцца ў інтэрнэт-фармаце на плятформе zoom.

Навучальнае мерапрыемства будзе складацца з трох частак. Згодна з уласнай зацікаўленасьцю заяўнікі могуць запісацца на ўдзел у адной ці ў некалькіх частках.

У першым тэматычным блёку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з заканадаўствам, якую форму выбраць, які алгарытм рэгістрацыі кожнай формы і з чаго пачаць. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў. Асобна будуць асьветленыя праекты заканадаўчых зьменаў, якія рыхтуюцца і могуць зьмяніць умовы для рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і ўстановаў.

У другім тэматычным блёку сэмінара будуць разгледжаныя базавыя пытаньні фінаснаваньня НКА з крыніцаў унутры Рэспублікі Беларусь: якія ёсьць магчымыя крыніцы маёмасных паступленьняў для НКА, чым адрозьніваецца фінансаваньне ад фізычных і юрыдычных асобаў, ці могуць НКА займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, як зьбіраць ананімныя ахвяраваньні і ці можна зьбіраць грошы ў скарбонкі.

Трэці тэматычны блёк сэмінара будзе прысьвечаны тэме прававога рэгуляваньня замежнай бязвыплатнай дапамогі ў адпаведнасьці з дэкрэтам № 3 ад 25 траўня 2020 году і прынятымі ў яго разьвіцьцё дакумэнтамі.

Кожная з гэтых частак арыенціровачна будзе працягвацца 1,5-2 гадзіны.

Падчас сэмінару ўдзельнікі атрымаюць магчымасьць задаць спецыялістам пытаньні, зьвязаныя з дзяржаўнай рэгістрацыяй новых НКА ці з  прававым забесьпячэньнем фінансаваньня грамадзкай дзейнасьці і НКА.

Таксама ўдзельнікам сэмінару будуць прадстаўленыя сьвежыя метадычныя публікацыі Цэнтру прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблеі НДА, датычныя тэматыкі сэмінару.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве па адным прадстаўніку ад адной арганізацыі ці ініцыятывы. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару і якія раней не бралі ўдзелу ў падобных навучальных мерапрыемствах.

Сэмінар адбудзецца 8 красавіка, пачатак аб 11:00, працягласьць да шасці гадзінаў. Пра падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы: https://bit.ly/3fo6qHv

Апошні тэрмін падачы заявак: 6 красавіка (аўторак), 18:00.
Запрашэньне да ўдзелу будзе дасланае адабраным удзельнікам 7 красавіка. Анлайн трансьляцыя альбо выкладаньне запісу мерапрыемства не прадугледжваецца.