|
З А Я В А
14 лістапада 2010 года будзе праходзіць Нацыянальная канферэнцыя па выніках даследванняў Індэкса грамадзянскай супольнасці ў РБ. Арганізатарам даследваньня з беларускага боку з’яўляецца старшыня праўлення ГА "Цэнтр "СКАФ", член Грамадска-кансультатыўнага савета (ГКС) пры Адміністрацыі прэзідэнта Юры Загуменнаў. Адначасова арганізатарам гэтай канферэнцыі пастаўленая мэта стварыць Агульнанацыянальную платформу грамадзянскай супольнасці, а так сама праваабарончай платформы. Ня гледзячы на тое, што прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў неаднаразова выказваліся апасеньні пра:
-
неапраўданую хуткасць і паспешлівасць стварэньня праваабарончай платформы;
-
тое, што з боку дзяржавы ў рамках праекту Ю.Загумённага не было ўвогуле ніякіх сігналаў згоды да канструктыўнага супрацоўніцтва і дыялогу з праваабаронцамі;
-
тое, што значная частка праваабарончых арганізацыяў у краіне былі пазбаўленыя і дагэтуль не маюць афіцыйнай рэгістрацыі;
-
тое, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі дагэтуль прысутнічае арт. 193.1., які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць не зарэгістраваных арганізацый;
-
тое, што некалькі праваабарончых арганізацыяў актыўна займаюцца маніторынгам правядзеньня выбараў у гэты перыяд і іх удзел у стварэнні платформы для паляпшэння стасункаў паміж праваабарончымі арганізацыямі і уладамі можа быць расцэнены як фактар, які паўплывае на незалежнасць і нейтральнасць правядзення маніторынгу выбараў;
-
тое, што Агнульнанацыянальная платформа грамадзянскай супольнасці для распрацоўкі механізма яе ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі арганізацыямі і міжнароднымі партнёрамі ствараецца неапраўдана хуткімі тэмпамі без уліку думкі шматлікіх няўрадавых арганізацыяў.
Тым не меньш, як паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелаПАН ад 16.10.2010 г., са слоў Ю.Загуменнава, "да канца кастрычніка ў межах праекта АБСЕ будзе ініцыявана стварэнне платформ грамадзянскай супольнасці па правах чалавека", а 14 лістапада будзе спроба абвясціць пра стварэнне Агульнанацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці.
У звязку з гэтым мы пратэстуем супраць валюнтарысцкага падыходу па стварэнню праваабарончай платформы і Агульнанацыянальнай платформы грамадзняскай супольнасці без уліку інтарэсаў і меркавання дзеючых праваабарончых арганізацый краіны.
Незразумела, як ішла падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства. У лік арганізатараў не ўваходзяць найбуйнейшыя аб’яднанні няўрадавых арганізацыяў, напрыклад такіх, як Асамблея няўрадавых арганізацыяў, Платформа няўрадавых арганізацыяў Усходняга партнёрства і г.д.
Праваабарончыя арганізацыі, праваабарончыя групы і асобныя праваабаронцы актыўна працуюць супольна на працягу ужо больш чым дзесяці гадоў. Вынікам супольнай працы з’яўляюцца грамадзянскія кампаніі, такія як "Праваабаронцы за свабодныя выбары", "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", "Кампанія за альтэрнатыўную службу", "Кампанія за адмену 193.1", існаванне сумесных адукацыйных і праваабарончых праектаў (Школа правоў чалавека), праца Дома правоў чалавека ў выгнанні (Вільня, Літва), сумесная праца беларускіх няўрадавых арганізацыяў па падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу ў межах падрыхтоўкі Універсальнага перыядычнага агляду.
25 верасня гэтага года быў праведзены 2-гі Форум праваабарончых арганізацыяў, у якім бралі ўдзел 18 праваабарончых арганізацыяў з Беларусі. Перамовы і кансультацыі паміж праваабарончымі арганізацыямі вядуцца пастаянна падчас беларускіх і міжнародных праваабарончых сустрэчаў і мерапрыемстваў.
Такім чынам рэальная платформа беларускіх праваабарончых ініцыятываў існуе ўжо не адзін год. Тым не менш мы адзначаем амаль поўную адсутнасць жадання беларускіх уладаў улічваць думку праваабаронцаў па найважнейшых пытаньнях, якія датычаць сацыяльных, грамадзянскіх і палітычных правоў беларускіх грамадзянаў, выканання прынятых на сябе міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека.
Мы заяўляем, што ў выпадку згоды і жадання беларускіх уладаў да супрацоўніцтва з праваабарончымі арганізацыямі, мы гатовыя да такога супрацоўніцтва на прынцыпах, прапанаваных у распрацаванай пад эгідай Асамблеі НДА Канцэпцыі ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады і грамадзянскай супольнасці. Праваабаронцы і надалей будуць працягваць сваю працу дзеля ўмацавання правоў чалавека і развіцця дэмакратыі.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" Алесь Бяляцкі
Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" Іна Кулей
Беларуская асацыяцыя журналістаў Жана Літвіна
"Незалежнае таварыства прававых даследванняў" Алена Танкачова
ГА "Цэнтр па правах чалавека" Раіса Міхайлоўская
Выпускнік Вышэйшага міжнароднага курса па абароне правоў чалавека Барыс Звозскаў
Прэзідэнет Беларускага Дома правоў чалавека Тацяна Рэвяка
Дырэктар ГА "Магілёўскі праваабрончы цэнтр" Уладзімір Краўчанка
|