Главная страница > Об организациях > Новости > На Канферэнцыi "Грамадзянская супольнасць Беларусі: напярэдадні трэцяй штогадовай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства"


29 кастрычніка 2011 года                                                                                                                 Мінск, Беларусь


МЕМАРАНДУМ
аб супрацоўніцтве ў межах Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

Мы, арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі гэтым Мемарандумам пастанавілі замацаваць падставы дзейнасці беларускай Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФГС УП).

Мы будуем Нацыянальную платформу ФГС УП для развіцця супрацоўніцтва, узаемнай падтрымкі, салідарнасці і абмену інфармацыяй паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.

У сваей дзейнасці ў межах Нацыянальнай платформы ФГС УП мы трымаемся каштоўнасцей свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека, вяршэнства права і выказваем намер спрыяць далучэнню Беларусі да агульнаеўрапейскіх палітычных, эканамічных і культурных працэсаў. Мы падцверджваем, што Нацыянальная платформа, як і любая дзейнасць у яе межах, грунтуецца на прынцыпах самаарганізацыі “знізу”, інклюзіўнасці (ўключанасці), празрыстасці, публічнасці і субсідыярнасці.

Мы разглядаем ініцыятыву Еўрапейскага Саюза “Усходняе партнёрства” як моцны стымул для развіцця супрацоўніцтва Беларусі з ЕС і краінамі рэгіёна, а таксама для еўрапеізацыі нашай краіны і ўмацавання беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы перакананыя, што ў межах гэтай ініцыятывы беларуская грамадзянская супольнасць і яе Нацыянальная платформа ёсць неад’емнай часткай і неабходным элементам развіцця Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга парнёрства. Мы бачым неабходнасць далейшага паглыблення і ўмацавання сувязяў Нацыянальнай платформы ФГС УП і самога Форума грамадзянскай супольнасці з працэсамі шматбаковага супрацоўніцтва ў межах тэматычных платформаў Усходняга парнёрства, а таксама развіцця супрацоўніцтва паміж Нацыянальнымі платформамі краін-удзельніц ініцыятывы.

Нашай мэтай з’яўляецца ўмацаванне інстытуцыйных магчымасцяў арганізацый грамадзянскай супольнасці ўплываць на працэсы дэмакратызацыі краіны, беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, парадак дня рэформаў у Беларусі па набліжэнні да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

Нацыянальная платформа ФГС УП ставіць сваёй задачай інфармаванне грамадзян Беларусі, у тым ліку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, палітычных партый і рухаў, дзяржаўных службоўцаў і прадпрымальнікаў і інш., пра праграму “Усходняе партнёрства”, а таксама пра праекты і праграмы ў межах супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам. Нацыянальная Платформа ФГС УП ствараецца таксама для грамадскага маніторынга і экспертызы азначаных праектаў і праграм.

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, што падзяляюць каштоўнасці і нормы, пакладзеныя ў аснову Усходняга партнёрства, а таксама зацікаўленыя ў развіцці ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва Беларусі з ЕС, запрашаюцца далучацца да дзейнасці Нацыянальнай платформы ФГС УП.



2004-2010 © «Фонд развития правовых технологий, Центр правовой трансформации». Все права защищены.
электронная почта: