25.10.2017
dig

Вольга Смалянка: Ёсць факты, якія сведчаць пра прымяненне дзяржавай кропкавых рэпрэсій

Праваабаронцы па-ранейшаму не канстатуюць сістэмных змен у сферы правоў чалавека ў Беларусі.

20 – 21 кастрычніка ў Вільні прайшоў IV Беларускі праваабарончы форум, у якім узялі ўдзел 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, НДА, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончы кампанент, праваабаронцы, якія дзейнічаюць у індывідуальнай якасці, эксперты, замежныя і міжнародныя партнёры. Пра яго ключавыя моманты Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавяла дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка.

Па яе словах, падчас форума шчыльна працавалі больш за 160 праваабаронцаў.

– Адрозненне сёлетняга кангрэсу ад папярэдніх у тым, што многія тэмы і панэлі, прадстаўленыя на ім, былі сфармуляваныя самімі прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый (раней праграму амаль цалкам фармаваў Аргкамітэт) і датычыліся як прэзетацый арганізацый, так і іншых набалелых пытанняў.

Суразмоўца адзначае, што моцным бокам форума стала магчымасць праваабаронцаў з розных рэгіёнаў сустрэцца і абмеркаваць надзённыя пытанні сам-насам, бо яны не заўсёды маюць магчымасць падтрымліваць асабістую камунікацыю.

Важнымі, на думку Вольгі Смалянкі, сталі некалькі момантаў. Па-першае, былі прадстаўленыя два сацыялагічныя даследванні, датычныя праваабарончых арганізацый. Адно з іх праводзілася  па ініцыятыве Freedom House  і датычылася правоў чалавека, праваабарончай дзейнасці ва ўсведамленні грамадскага меркавання ў Беларусі. Другое рабіў Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі па замове Беларускага дома правоў чалавека пры экспертнай падтрымцы Lawtrend і Асамблеі НДА адносна пазіцыянавання праваабаронцаў, распрацоўкі стратэгіі і этычных прынцыпаў іх працы.

– Гэтыя даследванні дазваляюць арганізацыям і праваабаронцам у пэўнай ступені пераасэнсаваць сваю дзейнасць і паглядзець на сябе пад іншым вуглом пры дапамозе інструментаў сацыялагічных даследванняў.

Магчымасць самастойнага выбару тэм, пра якую ўжо ўзгадвала Вольга Смалянка, дазволіла вызначыць прыярытэтныя напрамкі працы праваабарончых арганізацый, у тым ліку на рэгіянальным узроўні.

Падчас форума адбыліся дзве дыскусіі, прысвечаныя Беларусі ў міжнародным кантэксце, а таксама таму, куды ідзе беларускі праваабарончы рух і дзе ён будзе праз 5 – 10 год.

– Вельмі важна было задумацца, дзе мы знаходзімся і куды ідзем. Добрым вынікам форума стане тое, калі гэтыя дыскусіі не толькі застануцца ў межах сустрэчы, але і будуць вынесеныя па-за іх, – мяркуе Вольга Смалянка.

Апроч абмеркаванняў на форуме была прынятая рэзалюцыя. У ёй канстатавалі некаторыя паляпшэнні, якія адбываюцца ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (вызваленне палітзняволеных у 2014 – 2015 гг., у тым ліку кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, далучэнне нашай краіны да Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю, падача даклада ў Камітэт ААН па правах чалавека і іншыя дагаварныя органы, распрацоўка некалькіх планаў у галіне правоў чалавека).

– Нягледзячы на гэтыя станоўчыя крокі ў Беларусі не адбываецца сістэмных зменаў у сферы правоў чалавека, – канстатуе Вольга Смалянка. – Вясна 2017 года паказала, што можна лёгка адкаціцца назад да масавых жорсткіх рэпрэсій. І на сённяшні момант ёсць факты як у праваўжывальнай плоскасці, так і ў заканадаўчай, якія сведчаць пра адсутнасць станоўчых зменаў і прымяненне дзяржавай пры неабходнасці кропкавых рэпрэсій. Напрыклад, заканадаўства аб свабодзе асацыяцый і сходаў калі і змяняецца, то гэтыя змены носяць досыць дэкларатыўны характар. Таксама ў праваўжывальнай практыцы ёсць шэраг чыннікаў, якія сведчаць пра парушэнні ў сферы правоў чалавека, што адбываюцца пастаянна. Гэта высылка з Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай і адмова ўладаў разглядаць хадайніцтвы ад яе і іншых грамадзян аб скарачэнні тэрміну высылкі. Гэта і вобшукі, якія цяпер адбываюцца ў грамадскіх актывістаў, і няспынны ціск на журналістаў пры выкананні імі сваіх прафесійных абавязкаў. Гэта знаходжанне ў месцах пазбаўлення волі палітычных вязняў, у тым ліку Змітра Паліенкі, прызнанага найбольш аўтарытэтнай арганізацыяй Міжнародная амністыя вязнем сумлення. Нават па завяршэнні форума валанцёрку “Вясны” Анісію Казлюк, якая вярталася дадому, знялі з цягніка.

Гэтыя моманты ўвайшлі ў выніковую рэзалюцыю форума, якая была прынята ўсімі дэлегатамі аднагалосна. Таксама рэзалюцыя змяшчае рэкамендацыі, адрасаваныя дзяржаве, міжнароднай супольнасці і інстытутам, а таксама праваабарончай супольнасці.

EuroBelarus