Праваабаронцы: Галоўнае ў смяротным пакаранні ў Беларусі – адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы

З 1991 года смяротныя прысуды ў нашай краіне выканалі каля 400 разоў. Толькі сёлета тры чалавекі былі асуджаныя на смерць і адзін расстраляны.

З 5 да 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень без смяротнага пакарання. Адным з яго мерапрыемстваў стала прэзентацыя супольнага даклада Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўскай арганізацыі ў Беларусі Праваабарончага цэнтру «Вясна» «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах».

“Любы можа зрабіць памылку”

– Галоўны аргумент супраць смяротнага пакарання – яго беззваротнасць. Любы чалавек можа зрабіць памылку: суддзя, міліцыянт, пракурор. Усе мы людзі, усе мы робім памылкі, але ў выніку ажыцяўлення смяротнага пакарання гэтую памылку немагчыма выправіць, – зазначыў намеснік кіраўніка Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Джым Казанс.

Па яго словах, жыццё, забранае ў чалавека, не можа стаць адкупленнем за забойства. Не зробіць смяротнае пакаранне і больш бяспечным грамадства. Найбольшую шкоду такі від пакарання наносіць не самому асуджанаму, а яго сям’і, суддзю і выканаўцу прысуду.

Я вельмі спадзяюся, што Беларусь далучыцца да краін Еўрасаюза і СНД і аб’явіць мараторый на смяротнае пакаранне, а яшчэ лепш увогуле скасуе яго, – выказаў спадзяванне намеснік кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Ён таксама адзначыў, што пасля міжнароднай канферэнцыі “Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў”, што прайшла ў Мінску сёлета 10 сакавіка, гэтую тэму стала магчыма абмяркоўваць з беларускімі ўладамі і грамадзянскай супольнасцю. Праўда, ні да чаго канкрэтнага з кіраўніцтвам краіны дамовіцца пакуль так і не ўдалося, да таго ж на канферэнцыю не пусцілі прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” праз тое, што арганізацыя пазбаўлена рэгістрацыі. Але ж спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс абмяркоўваў праблему смяротнага пакарання з Аляксандрам Лукашэнкам – а “гэта нешта новае”, сказаў Джым Казанс.

На яго думку, Беларусь не мае прычын, каб не далучыцца да Фіджы, Мадагаскара, Конга, Сурынамэ, Гвінеі і Манголіі, дзе сёлета быў уведзены мараторый ці ўвогуле скасавана смяротнае пакаранне.

Разам з тым Джым Казанс выразіў смутак і асуджэнне таго, што 4 кастрычніка была адхілена скарга Сяргея Вострыкава. Спікер запэўніў, што Еўрасаюз гатовы прадаставіць дапамогу, каб Беларусь адмовілася ад смяротнай кары.

“Чаму сістэма правасуддзя прымушае чалавека ісці як сабаку?”

Прафесар права, намесніца Генеральнага сакратара FIDH і першы Прэзідэнт Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання Фларанс Беліўе заўважыла, што, з аднаго боку, Беларусь выклікае сур’ёзную трывогу як адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая захоўвае і выконвае смяротныя прысуды.

 – Я ўжо 16 гадоў працую з тэмай смяротнага пакарання, але ўпершыню была на слуханні па справе, звязанай з вышэйшай мерай. Яне магу зразумець: чаму сістэма правасуддзя прымушае чалавека ісці як сабаку, са схіленай галавой у падлогу і рукамі, узнятымі дагары за спінай? Мала таго, што самога чалавека вядуць як жывёлу, побач з ім знаходзяцца сапраўдныя сабакі без наморднікаў – каб у выпадку чаго яны маглі ўжыць свае зубы. Таму, з аднаго боку, гэта выклікае вялікую трывогу. А з іншага – існуевялікая надзея на тое, што ў Беларусі ёсць механізмы для адмены смяротнага пакарання.

Такім механізмам, на думку Фларанс Беліўе, можа быць артыкул 24 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама грамадзянская супольнасць, якая не стамляецца казаць пра смяротнае пакаранне ў розных гарадах Еўропы.

– Дзяржава не можа, захоўваючы смяротнае пакаранне, разлічваць, што гэта не выкліча міжнароднае асуджэнне, – дадала Фларанс Беліўе.

Яна падкрэсліла, што, захоўваючы такую меру, Белапрусь парушае шэраг сваіх абавязацельстваў, а таксама правоў чалавека, у прыватнасці, права на жыццё, права на атрыманне інфармацыі аб і ад асуджанага, права на спавядлівае судовае разбіральніцтва на ўсіх этапах, права на абскарджванне, а таксама забарону на бесчалавечае абыходжанне і катаванне.

МЗС Беларусі выразна заявіла, што рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН у справах грамадзян Беларусі з’яўляецца неабавязковым для выканання. І ў выніку людзей расстрэльваюць у той час, калі іх скарга разглядаецца ў Камітэце.

– Смяротнае пакаранне ў Беларусі – не нейкі рок, гэта пытанне нядобрай палітычнай волі дзяржавы, – падсумавала выступоўца.

Парушэнні ў справах асуджаных на смерць суправаджаюць следства ад пачатку

Кіраўніца аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Саша Кулаева распавяла, як праходзіла місія Міжнароднай федэрацыі, якая пачалася ў чэрвені і завяршылася літаральна 4 кастрычніка.

– Місія для нас скончылася, калі мы прысутнічалі на пасяджэнні Вярхоўнага суда, дзе быў зацверджаны чарговы смяротны прысуд. Страшны рытуал, на якім страшна прысутнічаць. Пры чым страшна ад усяго, пачынаючы ад стану прадстаўніка ахвяры – маці загінулай дзяўчыны, лёс якой, падобна, таксама абыякавы дзяржаве і судовай вытворчасці, як і лёс забойцы. Усе знаходзяцца ў страшным псіхалагічным стане, усё гэта адбываецца ў асяроддзі канвою і сабак, і наводзіць на самыя сумныя ўспаміны і гістарычныя паралелі, – падзялілася ўражаннямі Саша Кулаева.

Падчас місіі эксперты прыйшлі да высновы, што парушэнні ў справах асуджаных на смерць суправаджаюць следства ад пачатку і да завяршэння.

– Самае галоўнае, што ставіць пад пытанне ўсё, – адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы, – заявіла Саша Кулаева.

Адной з самых важных праблем у “расстрэльных” справах застаецца доступ да інфармацыі. Звесткі недаступныя для самога асуджанага, які даведваецца пра тое, што яго расстраляюць і што яму адмоўлена ў памілаванні  непасрэдна перад самім расстрэлам, што прыводзіць да псіхалагічнага катавання на працягу ўсяго часу чакання выканання прысуду. Нічога не паведамляюць і сваякам асуджанага, якім, апроч іншага, часта адмаўляюць у перапісцы.

– Людзі жывуць, не ведаючы, ці жывы яшчэ іх блізкі, ці ўжо расстраляны. І страшным сімвалам уяўляецца пасылка па пошце асабістых рэчаў, калі маці атрымлівае робу і чаравікі сына, у якіх бачыла яго ў апошні раз, і з гэтага павінна зрабіць выснову, што яго больш не існуе. Камітэт па правах чалавека ААН у сувязі з гэтым неаднаразова падкрэсліваў парушэнне правоў не толькі расстраляных, але і іх сем’яў, якія праходзяць праз усе гэтыя катаванні.

Апроч гэтага, інфармацыя аб смяротных прысудах недаступная грамадству, усе звесткі, якія ўдаецца сабраць праваабаронцам, фрагментарныя, няпоўныя і недастаткова дакладныя.

– Мы прыкладаем усе сілы, каб пытанне смяротнага пакарання стала гісторыяй. І гэты даклад – адзін з інструментаў для таго, каб інфармацыя як мага хутчэй даходзіла да нашых грамадзян і ўладаў, – паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая дзейнічае з 2009 года, Андрэй Палуда.

Ён таксама распавёў, што напісаў адкрыты ліст да Папы Рымскага, які быў перададзены яму на мінулым тыдні падчас асабістай аўдыенцыі. Папа Францыск пры атрыманні ліста сказаў, што абавязкова яго разгледзіць, і праваабаронцы маюць вялікія спадзяванні ў сувязі з гэтым.

EuroBelarus