«Аб’ектыў»: Пошукі вядзе МЗС

Абараніць правы чалавека заклікае Міністэрства замежных справаў. Сугучна назве ведамства – правы… замежнікаў. Пагрозу якім нясуць гэтак званыя развІтыя дэмакратыі ў іхных краінах. Падобную справаздачу беларускія дыпламаты рыхтуюць другі год запар. Самі ж пры гэтым замежных экспертаў пазбаўляюць магчымасці праверыць стан правоў чалавека ў нашай краіне. Гучныя парушэнні правоў чалавека нашыя дыпламаты знайшлі ў 23 краінах. Гэта 21 краіна Еўразвязу і ЗША з Канадаю. Пакуль дакументу не апублікавалі, вядома толькі, што выяўленыя выпадкі расавай дыскрымінацыі ды разгонаў мірных дэманстрацыяў. Закіды сур’ёзныя, але ці прыслухаюцца да заўваг на Захадзе? АЛЕНА ТАНКАЧОВА, ЦЭНТР ПРАВАВОЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ: “Без увагі гэтыя заўвагі не застануцца, калі яны будуць правільна адрасна адпраўленыя ўрадам тых краінаў, на сітуацыю ў якіх звяртаецца ўвага. Але сцвярджаць, што на сённяшні дзень Беларусь мае такі дастатковы аўтарытэт у сферы правоў чалавека на міжнароднай арэне – не, мы не можам такога сцверджання рабіць”. Пра гэта кажуць і ўлады Беларусі, падкрэсліваючы, што нягледзячы на крытычную справаздачу Менск вучыць жыццю нікога не імкнецца. Але відавочна не хоча, каб вучылі і яго. Нават прадстаўнікі саміх аўтарытэтных арганізацыяў, як, напрыклад адмысловы спавяшчальнік ААН. ЮРЫЙ АМБРАЗЕВІЧ, УПРАЎЛЕННЕ ШМАТБАКОВАЙ ДЫПЛАМАТЫІ: “Мы не лічым, што спадар Харасці – той чалавек, які можа або хоча весці канструктыўны дыялог з уладамі Рэспублікі Беларусь, з прычыны… ну, будзем гэтак казаць, спецыфічных нейкіх якасцяў і асабістай перадгісторыі пытання”. Перадгісторыя адносінаў для ўладаў Беларусі сапраўды не самая прыемная. Летась адмысловы спавяшчальнік звярнуў увагу на парушэнні падчас выбарчых кампаніяў і заклікаў не чыніць перашкодаў свабодзе слова ў нашай краіне. Ці прыслухаліся ўлады? АЛЕНА ТАНКАЧОВА, ЦЭНТР ПРАВАВОЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ: “Мы не зафіксавалі паляпшэнняў – гэта дакладна. Мы застаемся ў сітуацыі, калі ў нас ёсць палітвязні. У тым ліку наш сябар і калега Алесь Бяляцкі. Мы працягваем фіксаваць парушэнні, звязаныя са свабодаю думкі, свабодаю слова, свабодаю сходаў”. А што ж шараговыя беларусы? Дзе, на іхную думку, больш парушаюцца правы чалавека: дома, пра што кажуць праваабаронцы, ці за мяжой, як сцвярджаюць дыпламаты? ЖЫХАРЫ МЕНСКУ: “Правільна яны кажуць! Хай Захад сам паглядзіць. У іх таксама лайна дастаткова”. “На Захадзе людзі больш дбаюць пра свае правы, і таму яны самі больш іх адстойваюць, чымся ў нас у Беларусі. У нас, у Беларусі, яны, вядома ж, парушаюцца на кожным кроку. Але я лічу, што гэта не гуманнасць заходніх уладаў, а больш актыўнасць заходніх людзей”. “У нас больш праблемаў. Выяшляецца ў тым, што людзі не могуць выйсці, свабодна казаць, што думаюць. Нядаўна [фанаты] БАТЭ правялі акцыю, ды іх адразу пачалі пераследаваць”. Гэткія штогадовыя даклады, як беларускае МЗС, робяць і Кітай з Расеяй – краіны, якія таксама надта рэдка асацыююцца з прававою дзяржавай. І высновы гэтых справаздачаў падобныя, бо вядома ж, прасцей на закіды ў свой бок адказаць традыцыйным “А ў вас неграў б’юць!”. Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”