08.06.2018
seminar_2

Сэмінар пра прававое рэгуляванне рэгістрацыі і фінансавання НКА – 21 чэрвеня ў Мінску

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў  і Цэнтр прававой трансфармацыі запрашаюць на сэмінар “Рэгістрацыя і фінансаванне некамэрцыйных арганізацыяў: прававое рэгуляванне“, які адбудзецца ў Мінску 21 чэрвеня (чацьвер).

Сэмінар складаецца з двух блокаў, на першы з якіх мы запрашаем прадстаўнікоў ініцыятыў па стварэнні новых арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, на другі – прадстаўнікоў як незарэгістраваных ініцыятыў, так і зарэгістраваных арганізацый. Удзельнікі могуць прыняць удзел у адным ці ў абодвух блоках.

У першым тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым скарыстацца кансультацыямі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі НКА.

У другім тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя пытанні прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некакмэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: віды фінансавых паступленняў паводле заканадаўства; прадпрымальніцкая дзейнасьць НКА; афармленне ахвяраванняў ад грамадзянаў; бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асобаў; атрыманне замежнага фінансавання.

Напрыканцы сэмінару ўдзельнікі атрымаюць магчымасьць індывідуальных кансультацыяў па канкрэтных пытаннях, зьвязаных са стварэннем новых некамерцыйных арганізацыяў альбо з  прававым забесьпячэннем фінансавання ўжо створаных арганізацыяў.

Удзельнікі сэмінару-кансультацыі атрымаюць асобнікі выданняў, што былі выпушчаныя Цэнтрам прававой трансфармацыі ў межах “Прававой бібліятэкі НКА“.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад адной арганізацыі. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 21 чэрвеня ў Мінску, пачатак а 12:00, працягласьць да шасьці гадзінаў. Пра месца правядзеньня і падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы: https://goo.gl/forms/S8FzBF2ELGuMTgr73

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары: 19 чэрвеня (аўторак), 15:00. Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства 20 чэрвеня (серада) не пазьней за 11:00.