Сэмінар-кансультацыя па рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў

Цэнтр прававой трансфармацыі і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў запрашаюць на сэмінар-кансультацыю “Стварэньне і рэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў«, які адбудзецца ў Менску у суботу 6 лютага 2016 г.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі ініцыятыўных групаў з Менску альбо іншых гарадоў, якія маюць намер распачаць працу па рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай некамэрцыйнай арганізацыі.

Падчас сэмінару будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым скарыстацца кансультацыямі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў ды па іншых прававых пытаньнях дзейнасьці НДА.

Удзельнікі сэмінару-кансультацыі атрымаюць трэцяе выданьне кнігі Вольгі Смалянкі «Создание некоммерческих организаций в Беларуси» (Цэнтр прававой трансфармацыі), што нядаўна выйшла друкам.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад кожнай зь ініцыятыўных групаў, што маюць намер рэгістраваць некамэрцыйную арганізацыю. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам з рэгіёнаў, тым хто не прымаў удзелу ў падобных семінарах і прадстаўнікам ініцыятыўных групаў, якія вызначыліся з арганізацыйна-прававой формай арганізацыі, што ствараюць.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 6 лютага ў Менску, пачатак а 12:00, працягласьць да пяці гадзінаў. Пра месца правядзеньня і падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы: https://goo.gl/vXiEbG

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары-кансультацыі: 3 лютага, 11:00. Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства не пазьней наступнага дня.