Сэмінар-кансультацыя па рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў запрашаюць на сэмінар-кансультацыю “Стварэньне і рэгістрацыя некамэрцыйных арганізацыяў», які адбудзецца ў Менску 19 верасьня.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі ініцыятыўных групаў з Менску альбо іншых гарадоў, якія маюць намер распачаць працу па рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай некамэрцыйнай арганізацыі.

Падчас сэмінару будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым скарыстацца кансультацыямі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў ды па іншых прававых пытаньнях дзейнасьці НДА.

Удзельнікі сэмінару-кансультацыі атрымаюць трэцяе выданьне кнігі Вольгі Смалянкі «Создание некоммерческих организаций в Беларуси», што нядаўна выйшла друкам.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка ад кожнай зь ініцыятыўных групаў, што маюць намер рэгістраваць некамэрцыйную арганізацыю.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 19 верасьня ў Менску, пачатак а 12:00, працягласьць да пяці гадзінаў.  Месца правядзеньня будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы: https://goo.gl/gd0sdh

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары-кансультацыі: 14 верасьня, 11:00.