Агляд тэндэнцыяў самарэгуляваньня ў грамадзянскай супольнасьці

Эўрапэйскі цэнтр некамэрцыйнага права (ECNL) падрыхтаваў агляд сучасных тэндэнцыяў самарэгуляваньня арганізацыяў  грамадзянскай супольнасьці ў Эўропе. Дасьледваньне было зробленае па замове Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі і Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend).

Падставай для падрыхтоўкі гэтага дасьледваньня сталася параўнальна малая распаўсюджанасьць мэханізмаў самарэгуляваньня ў беларускім грамадзкім сэктары. Гэты факт рэгулярна адзначаецца як недахоп у індэксах устойлівасьці грамадзянскай супольнасьці Беларусі, што штогадова рыхтуюцца Агенцыяй па міжнародным развіцьці Злучаных Штатаў.

У якасьці асноўнай прыкметы самакіраваньня дасьледчыкі вылучаюць дабраахвотны характар прыняцьця нормаў самарэгуляваньня, якія не падмацаваныя прававой сілай дзяржаўнага рэгуляваньня.

Разам з тым, нормы пра самарэгуляваньне часам маюць не меньшае значэньне за ўстаноўленыя дзяржавай прававыя рамкі: асабліва гэта праяўляецца ў тых прававых сыстэмах, дзе дзяржава дае шмат свабоды няўрадавым арганізацыям і дазваляе ім самастойна вызначаць шмат якія аспэкты іх дзейнасьці. Напрыклад, у Нідэрляндах  Цэнтральнае бюро па фандрайзінгу (як орган самарэгуляваньня) прысуджае Пячатку Адпаведнасці і Сертыфікаты дабрачынным арганізацыям – і на падставе гэтай інфармацыі мясцовыя ўлады выдаюць дазволы на збор грамадскіх сродкаў.

Яшчэ адным важным, асноватворным падыходам у любой ініцыятыве самарэгуляваньня з’яўляецца тое, што яна распрацоўваецца ў працэсе супрацоўніцтва. Улічваючы той факт, што нормы самарэгуляваньня распрацоўваюцца сумеснымі намаганьнямі, працэс іх прыняцьця стымулюе развіцьцё супрацоўніцтва паміж арганізацыямі, якія прымаюць у ім удзел. Гэта дазваляе ўдзельнікам вызначаць агульныя прынцыпы і каштоўнасьці, а таксама вырашаць праблемныя пытаньні, якія паўстаюць пры стварэньні эфэктыўных альянсаў у грамадзянскай супольнасьці. Падрыхтаваны ECNL агляд дае шырокі набор прыкладаў таго, як распрацоўваюцца дакументы і стандарты самарэгуляваньня, а таксама прадстаўляе рэкамэндацыі па выпрацоўцы гэткіх мэханізмаў.

У дасьледваньні прадстаўлены агляд асноўных формаў самакіраваньня, якія ўжываюцца цяпер у грамадзянскай супольнасьці розных краінаў Эўропы і скіраваныя на павышэньне празрыстасьці і справаздачнасьці, павелічэньне даверу з боку донараў і грамадзкасьці, ды ў цэлым спрыяюць эфэктыўнасьці дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў дзеля дасягненьня іх мэтаў. У прыватнасьці, вылучаюцца разнастайныя кодэксы добрых паводзінаў і этыкі, схемы сэртыфікацыі і акрэдытацыі, а таксама інфармацыйныя сэрвісы, працоўныя групы прасоўваньня досьведу, прэміі ды прызы, што ўручаюцца арганізацыям з мэтай адзначэньня эфэктыўнасьці іх працы, інавацый і лепшых практыкаў у розных сфэрах. На падставе досьведу розных эўрапэйскіх краінаў, а таксама міжнародных ды рэгіянальных сыстэмаў самарэгуляваньня, дасьледваньне дае ацэнку перавагаў і недахопаў кожнага з гэтых мэханізмаў.

Сучасныя тэндэнцыі самарэгулявання арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Еўропе

Современные тенденции саморегулирования организаций гражданского общества в Европе

Current Trends in Self-Regulation of Civil Society Organizations in Europe